На тэрыторыю паляўніча-турыстычнай базы “Глушцова такавішча” прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні

На тэрыторыю паляўнічатурыстычнай базыГлушцова такавішчадля тушэння пажару прыязджаюць магутныя выратавальныя машыны: па легендзе, гарыць паляўнічы домік.

У тактыка-спецыяльных вучэннях, якія былі арганізаваны камісіяй па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме на чале з яе старшынёй Дзмітрыем ДАВЫДАВЫМ, задзейнічаны ўсе службы ўзаемадзеяння: РАНС, спецыяльныя брыгады пажаратушэння ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, супрацоўнікі РЭС, РАУС, хуткай дапамогі і валанцёры РК ГА “БРСМ”.

Па тактычнай задуме, загарэўся домік паляўнічага. Пажар ахапіў таксама і каля  1 га лесу, адбыўся выбух на электрычнай падстанцыі.

На месцы здарэння яшчэ да прыбыцця пажарных тушыць тэрыторыю пачынаюць работнікі лясгаса.

— З надыходам лета для работнікаў лясной аховы надыходзіць адзін з найбольш складаных перыядаў, бо ў значнай ступені абвастрылася пажаранебяспечная абстаноўка, — адзначае інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” Аркадзь КАЎТУНОЎ. — Аднак мы гатовы да надзвычайных сітуацый: брыгады пажаратушэння добра тэхнічна ўкамплектаваны. Мы маем шэсць пажарных машын, 18 мотапомпаў, 3 пажарныя модулі, трактары і плугі для абворвання, ранцавыя апрысквальнікі. Акрамя таго, працуюць 3 вышкі з відэакамерамі на тэрыторыях Цяхцінскага, Дручанскага і Круглянскага лясніцтваў, з дапамогай якіх можна адсочваць месцы ўзнікнення і распаўсюджвання пажараў.

Вось і зараз спецыялізаваная тэхніка лясгаса ліквідуе ўмоўны пажар: трактары абворваюць зямлю вакол базы, каб не даць агню паглыбіцца далей у лес, і сумесна з супрацоўнікамі РЭС тушаць тэрыторыю каля паляўнічага доміка.

Супрацоўнікі РАНС, якія прыбылі на пажар, адразу ж накіроўваюцца ў будынак, каб выратаваць “пацярпелых”. Гэта роля адведзена валанцёрам РК ГА “БРСМ”. Пасля эвакуацыі іх аглядаюць медыкі, якія таксама імгненна прыбылі на выклік.

Дзякуючы сумеснай рабоце, умоўны пажар патушаны, рух агню далей у лес спынены.

— Адным з самых актуальных здарэнняў у летні сезон з’яўляецца лясны пажар. З пачатку года ў раёне іх адбылося 4. Акрамя таго, мы паспелі ліквідаваць за гэты перыяд 1 пажар тарфяніку і 28 выпадкаў узгарання сухой расліннасці. Умець зладжана, якасна і хутка працаваць – наша прыярытэтная задача. А вучэнні дапамагаюць адшліфаваць гэтыя ўменні, — адзначыў начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ падчас агульнага пастраення і выказаў усім падзяку за прафесійныя дзеянні.

лес

маска

Тэкст і фота Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *