У прэс-цэнтры рэдакцыі прамую тэлефонную лінію правёў начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ

вороновДнямі ў прэсцэнтры рэдакцыі раённай газетыЗара над Друццюпрамую тэлефонную лінію правёў начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ.

“Зараз пачынаецца даволі небяспечны сезон лясных і тарфяных пажараў. Дарэчы, чуў, што дзесьці ў раёне гарэў торф. Падкажыце, што я магу зрабіць, каб засцерагчы ад небяспекі сваё домаўладанне?

Андрэй М.,

жыхар Бялыніцкага р-на.”

Віталь Воранаў:

— Сапраўды, у маі адбыўся адзін тарфяны пажар каля в. Навасёлкі на агульнай плошчы 0,3 га. Такія ўзгаранні даволі складана ліквідаваць. Яны небяспечныя сваімі прагарамі, куды можа праваліцца чалавек ці тэхніка, нават участкі дарог.

Каля свайго домаўладання лепш выкасіць траву або ўскапаць паласу зямлі. Яна не павінна нідзе перапыняцца і быць шырынёй не менш за 4 м. На схілах, дзе агонь звычайна рухаецца хутчэй, шырыня паласы павінна быць большай.

Таксама абавязкова трэба прытрымліваца элементарных правілаў бяспекі, бо, як паказвае статыстыка, 98% прычын пажараў у лясах або на тарфяніках — прамая або ўскосная справа рук чалавека. Гэта могуць быць кінутая запалка або не патушаная цыгарэта, уезд у торфапаласу на няспраўнай тэхніцы, без іскрапагашальнікаў, пакінутая прамасленая ануча ці асколак бутэлькі, які сфакусіраваў сонечны прамень, а таксама такія дзеянні, як выпальванне сухой расліннасці, пакінутыя разведзеныя вогнішчы.

Калі вы сталі сведкам пажару, адразу ж паведаміце аб гэтым па тэлефоне 101 або 112.

“Калі раблю ў кватэры рамонт і мне патрэбна даведацца, як правільна правесці электраправодку або дзе ўстанавіць пажарны апавяшчальнік, магу я звярнуцца да спецыялістаў РАНС? Ці будзе такая паслуга платнай?

Дзмітрый С.,

жыхар г. Бялынічы.”

Віталь Воранаў:

— Калі ёсць такая неабходнасць, вы можаце патэлефанаваць і пракансультавацца з нашымі спецыялістамі. Гэта паслуга будзе бясплатнай. Акрамя таго, кожную суботу мы праводзім прамую тэлефонную лінію з насельніцтвам па тэлефоне 71-149, у час якой таксама адказваем на ўсе пытанні жыхароў Бялыніччыны.

“Ці маю я права не адчыніць дзверы сваёй кватэры аглядальнай камісіі? Што канкрэтна яна правярае?

Алена В.,

жыхарка Бялыніцкага р-на.”

Віталь Воранаў:

— Згодна з арт. 19 Закона РБ “Аб пажарнай бяспецы”, уласнікі кватэр, дамоў і кватэранаймальнікі абавязаны прадастаўляць магчымасць службовым асобам органаў дзяржпажнагляду і прадстаўнікам пазаштатных пажарных фарміраванняў праводзіць пажарна-тэхнічныя абследаванні жылых і падсобных памяшканняў у парадку, устаноўленым заканадаўствам Беларусі. Таму пусціць членаў камісіі ў дом вы абавязаны.

Асноўнай задачай аглядальных камісій з’яўляецца абследаванне супрацьпажарнага стану жыллёвага фонду і навучанне насельніцтва правілам бяспекі. Калі да вас прыйшлі з праверкай, гэта не значыць, што яе мэтай з’яўляецца абавязкова выпісаць вам штраф.

Між тым, задумайцеся. Сёлета ў раёне адбыліся 10 пажараў, на якіх загінулі 3 чалавекі. Няспраўнасць пячнога ацяплення і электраправодкі знаходзяцца ў шэрагу прычын, па якіх часцей за ўсё здараюцца пажары ў домаўладаннях. Наўрад ці вы можаце з упэўненасцю сказаць, што ў вас няма парушэнняў, вынікам якіх можа стаць надзвычайная сітуацыя. Тым больш, што для выпраўлення выяўленых недахопаў вызначаецца тэрмін, па сканчэнні якога праводзіцца кантрольная праверка. І ўжо ў выпадку ігнаравання патрабаванняў прымаюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Да слова, РАНС вельмі цесна супрацоўнічае з арганізацыямі раёна ў напрамку прафілактычнай работы і навучання насельніцтва правілам бяспечнай жыццядзейнасці. Так, сумесна з райста супрацоўнікі РАНС ажыццявілі праект па размяшчэнні супрацьпажарных памятак на розных відах тавараў: коўдрах, падушках (з заклікам не курыць у ложку), а таксама хлебабулачных вырабах. А дзякуючы адміністрацыі кінатэатра “Зорка” перад кожным сеансам гледачы бачылі ролік на тэму пажарнай бяспекі.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *