З 19 па 25 чэрвеня праваахоўнікамі былі складзены 18 адміністрацыйных пратаколаў

Мінулы тыдзень выдаўся багатым на правапарушэнні. Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 19 па 25 чэрвеня праваахоўнікамі былі складзены 18 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 12, за прычыненне пабояў – 5 і за дробнае хуліганства – 1. Узбуджана 1 крымінальная справа.

Стаміліся. 19 чэрвеня ў дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне, што каля магазіна “Камелія” ляжыць нецвярозы мужчына, а 25 чэрвеня занепакоеная бялынічанка патэлефанавала праваахоўнікам і паінфармавала, што каля пад’ёзда яе дома па вуліцы Калініна таксама “адпачывае” нецвярозы незнаёмец. Абодвух “стомленых” алкаголем мужчын праваахоўнікі “вярнулі да жыцця” адміністрацыйнымі пратаколамі.

Адпачылі па-даросламу. 25 чэрвеня двое маладых людзей вырашылі крута адпачыць на гарадскім пляжы “Сілкава” і прыхапілі з сабою піва. Роўна ў гадзіну ночы іх у нецвярозым стане запрыкмецілі работнікі міліцыі. Па факце распіцця спіртных напіткаў непаўналетнімі праверку праводзіць ІСН.

Недазарадзіў. У Магілёўскую абласную бальніцу па медыцынскую дапамогу звярнуўся мужчына з колатай ранай левага сцягна, які патлумачыў медыкам, што падчас рыбалкі на рацэ Вабіч каля вёскі Масцішча перазараджаў стрэльбу для падводнага палявання і выпадкова параніў сабе нагу. Бялыніцкія праваахоўнікі праводзяць праверку.

Падманула. Бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што маці яе б’е і выганяе з дому. Падчас праверкі высветлілася, што нічога падобнага не адбывалася. На падманшчыцу складзены адміністрацыйны пратакол.

Накухарыла. Падчас агляду домаўладання жыхаркі Падзевічаў супрацоўнікі міліцыі знайшлі 30 літраў вадкасці з характэрным пахам самагоннай брагі.

Перавозчык. Познім вечарам 24 чэрвеня супрацоўнікі АДАІ спынілі грузавую машыну, на якой магіляўчанін перавозіў садавіну і гародніну без суправаджальных дакументаў. Матэрыялы для праверкі накіраваны ў райінспекцыю МпіЗ.

Даказалі. На мінулым тыдні ў міліцыю паступілі 7 паведамленняў аб сямейных разборках. Усе скандалісты папярэдне разаграваліся спіртным, а затым пачыналі даказваць блізкім і суседзям свае перавагі. Праваахоўнікі хутка вярнулі ім адэкватнае ўсведамленне рэальнасці і заадно склалі па адміністрацыйным пратаколе на кожнага.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *