Бялыніччына адзначыла Дзень Незалежнасці

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці і 73-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, прайшлі 3 ліпеня на Бялыніччыне.

У гэты святочны дзень на галоўнай плошчы райцэнтра сабраліся прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, моладзь, школьнікі.

Урачыстасці адкрыў парад тэхнікі, якая задзейнічана ў розных галінах народнай гаспадаркі Бялыніччыны. Кіравалі ёй лепшыя працаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.

Па цэнтральнай вуліцы горада праехаў трактар МТЗ- 221 з прэс-падборшчыкам “Кампрыма” СВК “Калгас “Радзіма”, за якім рухаліся магутныя зернеўборачныя камбайны гэтага ж сельгаспрадпрыемства і ААТ “Новая Друць”, бульбаўборачная тэхніка. Далей гледачы ўбачылі тэлескапічны пагрузчык MANITU 1840 і 25-тонны МАЗ ПМК-241, экскаватар-пагрузчык “Амкадор-743” жылкамгаса, тэхніку для рамонту і абслугоўвання дарог ДРБУ-170 і ДЭУ-74, для работ у лясной гаспадарцы, спецыялізаваныя машыны РАНС і РАУС.

Парад прыйшоўся даспадобы гледачам і з’явіўся своеасаблівым напамінам, што Бялыніччына заўсёды славілася не толькі ратнымі, але і працоўнымі дасягненнямі. Тэхніка эфектна праехала па вуліцы, нібыта запрашаючы ўсіх адправіцца ўслед.

Затым шэсце накіравалася ў Ліпавы гай, дзе адбыўся святочны мітынг, які адкрыў старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА:

– Сардэчна віншую вас з галоўным дзяржаўным святам – Днём Незалежнасці і 73-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 3 ліпеня аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй Радзімы і верыць у яе годную будучыню. Гэта свята сімвалізуе ўвесь шматвекавы шлях нашай краіны, агульны лёс народа, які пакінуў сённяшняму пакаленню вялікую спадчыну, традыцыі жыць у міры і згодзе, працоўныя і   ратныя перамогі.

Дарагія сябры, прыміце ад раённага выканаўчага камітэта словы падзякі за ваш уклад у развіццё раёна і краіны ў цэлым. Моцнага вам здароўя, прафесійных поспехаў, вялікага асабістага шчасця. Няхай ваша адзінства стане залогам ажыццяўлення задач, якія стаяць перад нашым грамадствам.

З віншаваннямі да землякоў звярнулася лаўрэат спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года”, настаўнік раённай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна ЛОСЕВА. Яна адзначыла, што 3 ліпеня з’яўляецца радаснай і светлай датай для кожнага грамадзяніна Беларусі. Мы свята захоўваем памяць пра бацькоў і дзядоў, якія выратавалі родную зямлю, аднавілі яе з руін, абараніўшы наша права на мірнае жыццё.

Ад імя юнага пакалення перад прысутнымі выступіла сёлетняя выпускніца СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага Марына РАШЧУКОВА. Яна запэўніла ветэранаў, што іх патрыятызм, вернасць Айчыне з’яўляецца найлепшым прыкладам для моладзі, якая ў будучым абавязкова зберажэ лепшыя дасягненні папярэднікаў і сваю родную зямлю.

На працягу ўрачыстасцей пастаянна гучалі словы падзякі ветэранам і выказвалася ўсведамленне, што ў гісторыі любой нацыі існуюць вехі, якія вызначаюць яе лёс і будучыню. Менавіта такім днём з’яўляецца 3 ліпеня – свята нашай славы і гонару, памяці аб мінулым і гордасці за сучаснасць. За апошнія гады шмат што змянілася: і краіна, і людзі, якія жывуць у ёй. Нязменным засталося жаданне кожнага беларуса жыць у свабоднай і мірнай дзяржаве.

Да помніка савецкім воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, бюстаў Герояў Савецкага Саюза і мемарыяльных знакаў Герояў Сацыялістычнай Працы ляглі жывыя кветкі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, працоўных калектываў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Бялыніччыны.

Памяць загінулых у баях за свабоду і незалежнасць нашай краіны прысутныя на мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання.

На сцэне летняга амфітэатра пачалася літаратурна-музычная праграма “Слава табе, Беларусь”, непадалёку працавалі гандлёвыя рады, тэматычныя падворкі сельскіх саветаў і ўстаноў, атракцыёны і выставы вырабаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

На гарадскім стадыёне прайшлі спаборніцтвы па валейболе і стрытболе, шахматах і шашках, а таксама паказальныя выступленні выхаванцаў абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і.

Вечарам бялынічане зноў сабраліся ў Ліпавым гаі на масавае гулянне, якое прадоўжылася святочным канцэртам. Фінальным акордам святкавання стала агульнае выкананне Дзяржаўнага гімна Беларусі, феерверк і дыскатэка.

 

алея

ветэр

конь

копр

лесов

пошли

пчолки

родина

флэш

шэсц

память

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара і

Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *