У студзені бягучага года споўнілася сто гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага Апанаса Якаўлевіча ЛЯНЬКОВА

лянькоўАб гэтым чалавеку мала хто і мала што ведае, бо жыццё яго звязана з глыбокай сакрэтнасцю, ва ўмовах якой доўгі час давялося працаваць нашаму выдатнаму земляку. Апанас Якаўлевіч не пакінуў сваіх мемуараў, таму аб яго дзяцінстве давялося збіраць звесткі літаральна па крупінках.

Нарадзіўся Апанас Лянькоў 18 студзеня 1917 года ў вёсцы Малы Трылесін, дакладней, у пасёлку Лісічкі. Яго бацька, Якаў Гаўрылавіч, быў простым селянінам, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Ажаніўся з дзяўчынай з небагатай галоўчынскай сям’і. У іх нарадзіліся сем хлопчыкаў, старэйшым з якіх быў Васіль. Дарэчы, ён доўгі час працаваў настаўнікам у Вылаве. Канкрэтна не вядома, якую школу скончыў Апанас. Маючы на ўвазе тое, што ў Галоўчыне з пачатку 1930-х гадоў працавала школа-сямігодка, верагодней за ўсё ён і вучыўся ў ёй. Пасля паступіў у Таганрогскі авіяцыйны тэхнікум, які скончыў у 1938 годзе. Атрымаў накіраванне на Самарскі завод авіяцыйных рухавікоў, дзе працаваў майстрам-тэхнолагам. У ліпені 1941 года завод быў эвакуіраваны ў Куйбышаў і зліўся з Маскоўскім авіяцыйным заводам №1. Тут у цяжкіх умовах ваеннага часу Апанас Якаўлевіч працаваў тэхнолагам, начальнікам тэхнічнага аддзела, цэха канчатковай зборкі “лятаючых танкаў” – знакамітых самалётаў  ІЛ-2. Нястомная праца Апанаса Якаўлевіча была адзначана медалём “За доблесть и труд в Великой Отечественной войне 1941 – 1945 гг”.

…У дзверы настойліва грукалася эра ракетнай авіяцыі. Былыя саюзнікі СССР у Вялікай Айчыннай вайне сталі сапернікамі, а то і ворагамі.  Савецкі ўрад даручыў заводу стварэнне серыі рэактыўных самалётаў МіГ-9, Міг-15, якія сталі сапраўдным болем амерыканскай авіяцыі ў карэйскай вайне пачатку 1950-х гадоў.

Пагрозы з боку ЗША запатрабавалі стварэння самалёта, які дасягаў бы тэрыторыі Амерыкі і з’яўляўся носьбітам ядзернай зброі. І выпуск такіх самалётаў быў паспяхова асвоены. Гэта знакамітыя ТУ-16, якія і па сёння нясуць службу ў Паветрана-касмічных войсках Расіі. За стварэнне лепшай авіяцыйнай тэхнікі Апанас Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнам Знак Пашаны.

У другой палове 1950-х гадоў распачалася касмічная эра, трыумфам якой стала савецкая навука і тэхніка. Менавіта ў гэтай сферы ў поўную сілу праявіўся і талент Апанаса Лянькова.

У 1957 годзе было ўтворана ОКБС Каралёва, дзе быў створаны надзейны сродак дастаўкі ядзернай зброі – міжкантынентальная балістычная ракета  Р-7. Праз год завод быў перапрафіляваны на выпуск гэтых ракет. Пры непасрэдным удзеле нашага земляка быў створаны новы зборачны цэх і праз некаторы час Апанас Якаўлевіч прызначаецца яго начальнікам. Па ўспамінах работнікаў завода, Апанас Лянькоў быў умелым, пісьменным кіраўніком, адказным і патрабавальным чалавекам.

У лютым 1961 года на завод прыйшло ўказанне камандзіраваць на Байканур спецыялістаў для давядзення ракеты да пуску. Гэту каманду ўзначаліў  Апанас Якаўлевіч.

Тады яшчэ ніхто не ведаў, што на гэтай ракеце 12 красавіка паляціць у космас першы на Зямлі касманаўт – Юрый Гагарын.

У 1966 годзе наш зямляк узначаліў калектыў завода “Прагрэс”. У гэтым жа годзе за стварэнне касмічных ракет і апаратаў ён адзначаны Ленінскай прэміяй, а крыху раней – ордэнам  Леніна.

Бадай, усім вядома пра “Месяцовую адысею” амерыканцаў. Такая праграма была распрацавана і ў СССР. Для дастаўкі касманаўта на Месяц і вяртання яго на Зямлю неабходна была звышмагутная ракета. Распрацаваць яе даручылі калектыву Апанаса Лянькова. Яна атрымала індэкс Н-1. Неймавернымі намаганнямі калектыву, які працаваў у дзве змены па 12 гадзін, з адным выхадным, такая ракета была зроблена. Яна мела дыяметр хваставога адсека каля 18 метраў, у вышыню была 105 метраў. Гэта была самая магутная ракета ў свеце, якую называлі “Каралёўскай прыгажуняй”.

лянькоў1

На жаль, чатыры запускі яе закончыліся беспаспяхова. А тут адбыўся палёт на Месяц амерыканскіх астранаўтаў.

Начальнік зборачнага цэха № 15 Уладзімір Кузняцоў успамінаў: “Напрыканцы мая 1980 года раніцой сабралі на сход кіраўніцтва завода. У памяшканне аддзела навукова-тэхнічнай інфармацыі прыйшлі і партыйныя кіраўнікі на чале з загадчыкам аддзела абароннай прамысловасці Барысам Бальмонтам. Ён зачытаў паперу, тэкст якой быў кароткім: А. Я. Лянькоў падаў заяву аб вызваленні з пасады дырэктара.

Поўны сіл і энергіі, задумак на далёкае будучае, ён выходзіў на пенсію. У зале стаяла цішыня. У канцы рабочага дня Апанас Якаўлевіч паехаў дадому на грамадскім транспарце…”.

27 чэрвеня таго ж самага года Апанаса Якаўлевіча не стала. Праводзіў яго ў апошні шлях увесь калектыў “Прагрэсу”.

Застаецца дадаць, што сёння на заводзе працуе трэцяе пакаленне Ляньковых.

У Савецкім Саюзе “Месяцовая праграма” была згорнута. Але ідэі, закладзеныя ў ракеце Н-1, жывыя. Як вядома, у Расіі прымаюцца спробы ажыццявіць палёт на Марс. І тыя напрацоўкі, безумоўна, будуць выкарыстаныя. А тое, што ўсё зробленае не атрымала далейшага развіцця,  канечне, не віна калектыву А. Лянькова. Калі пералічыць усе поспехі, якія былі дасягнутыя заводам “Прагрэс” за 14-гадовае кіраўніцтва ім Апанасам Якаўлевічам, то атрымаецца важкі том.

Васіль ЦЫРКУНОЎ,

краязнаўца.

P.S. Аўтар матэрыяла ўдзячны настаўніцы Кудзінскай БШ Лідзіі Зайцавай за дапамогу ў зборы інфармацыі аб А. Я. Лянькове.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *