У РАУС падвялі вынікі працы за першую палову 2017 года

У рабоце аператыўнай нарады прынялі ўдзел намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама, палкоўнік міліцыі Наталля СІМАНАВА, пракурор раёна Міхаіл АНДРОСЕНКА і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК.

Напачатку Наталля Сіманава ўручыла пагоны афіцэрам, якім былі прысвоены чарговыя спецыяльныя званні: капітана міліцыі — інспектару АДАІ Віктару САРОКУ і старшага лейтэнанта міліцыі – старшаму оперупаўнаважанаму групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Арцёму БАДУЛІНУ. Таксама яна павіншавала старшага лейтэнанта міліцыі Анатоля ЛІТАЕВА з прызначэннем на пасаду начальніка ІСН РАУС.

Симонова

— Па стане на 1 ліпеня бягучага года колькасць зарэгістраваных злачынстваў у раёне павялічылася на 10%, — адзначыў начальнік райаддзела міліцыі Сяргей КРАСНОЎ. — Больш як на 13% павысілася і раскрывальнасць злачынстваў, зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку: 90 супраць 79 за такі ж перыяд 2016 года. Сёлета на тэрыторыі раёна адбыліся 6 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, якія на дадзены момант раскрыты. Разам з гэтым не дапушчана згвалтаванняў, разбояў, вымаганняў, крадзяжу аўтатранспарту, жывёлы, рабаванняў магазінаў і ў сферы аграпрамысловага комплексу.

Таксама начальнік міліцыі паінфармаваў, што праваахоўнікамі былі выяўлены 3 злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў і гандлю людзьмі, знойдзена і ліквідавана больш за тысячу літраў самагону і самагоннай брагі, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў п’яным выглядзе і распіццё спіртнога ў  грамадскіх месцах 439 грамадзян, 15 чалавек накіраваны ў ЛПП. Асноўная частка злачынстваў, якія зарэгістраваны ў нашым раёне, – крадзяжы, а большасць супрацьпраўных дзеянняў адбываецца ў адносінах да асоб пажылога ўзросту і жыхароў сельскай мясцовасці. За 6 месяцаў бягучага года па ініцыятыве РАУС былі ўстаноўлены 6 прэвентыўных наглядаў, 7 чалавек, якія вызваліліся з папраўчых устаноў, атрымалі дапамогу па працаўладкаванні.

Па лініі Дзяржаўтаінспекцыі адзначаны рост дарожна-транспартных здарэнняў. З пачатку года адбыліся 6 ДТЗ (у 2016 г. — 2), у якіх 2 чалавекі загінулі (у 2016 г. — 2) і 8 атрымалі траўмы (у 2016 г. — 0). Выяўлены 2707 парушэнняў ПДР, затрыманы за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення 36 вадзіцеляў.

На аператыўнай нарадзе быў прыняты шэраг важных рашэнняў, накіраваных на стабілізацыю крымінагеннага становішча і забеспячэнне грамадскай бяспекі ў раёне.

Ганна КАВАЛЁВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *