Адданасць сваёй прафесіі, стараннасць і працавітасць

Большасць герояў творчага праекта  раёнкі “Чалавек працай слаўны” людзі сціплыя, негаваркія, звычайныя, можна сказаць. Але ёсць нешта, што вылучае іх з агульнага ліку. Гэта – адданасць сваёй прафесіі, стараннасць і працавітасць.

Менавіта такімі якасцямі валодае і Юрый ПЕТУШКОЎ, механізатар СВК “Калгас “Радзіма”.

Нарадзіўся ён у вёсцы Паўлінка Вішоўскага сельсавета ў звычайнай сялянскай сям’і. Маці з бацькам шчыравалі ў мясцовым калгасе “Ленінскі заклік”. Як і папярэднія пакаленні продкаў, сэнс свайго жыцця бачылі ў стваральнай працы, працы на роднай зямлі. Менавіта на такіх прынцыпах Петушковы выхавалі траіх дзяцей — Аляксандра, Людмілу і Юрыя, якія не разляцеліся па свеце, а засталіся на бацькаўшчыне. Вось ужо шмат гадоў Людміла Віктараўна загадвае Лямніцкай малочна-таварнай фермай СВК “Калгас “Радзіма”, а браты Юрый і Аляксандр працуюць у гаспадарцы механізатарамі. Усе, між іншым, у ліку лепшых.

За Юрыем Петушковым замацаваны тры адзінкі тэхнікі. Гэта энерганасычаны трактар МТЗ-3522 з плугамі і сеялкай, МТЗ-1221 і самаходны         апрысквальнік “Раса”. З іх дапамогай механізатар выконвае шэраг сельскагаспадарчых работ: сее, адвозіць сянаж, праводзіць вясеннія падкормкі культур і апрацоўку іх пестыцыдамі. Кожны агрэгат руплівец трымае ва ўзорным парадку, своечасова робіць адпаведнае тэхнічнае абслугоўванне.

— А як жа іначай? — усміхаецца Юрый Віктаравіч. — Ад выверанай працы тэхнікі залежыць кожны мой працоўны дзень. Дый сумленне не дазволіць адносіцца да выканання сваіх абавязкаў абыякава.

Юрый Петушкоў неаднаразова называўся ў ліку пераможцаў працоўных спаборніцтваў сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна. Па выніках працы за 2016 год ён адзначаны Ганаровай граматай аблсельгасхарчу. Яго прозвішча занесена на Дошку гонару СВК “Калгас “Радзіма”. За добрасумленную працу праўленне сельгаскааператыва неаднаразова заахвочвала яго і грашовымі прэміямі, і каштоўнымі падарункамі, а некалькі гадоў таму выдзеліла дом з усімі камунальнымі выгодамі.

— Ніколі не хацеў для сябе іншага лёсу, — распавядае перадавік. — З гэтай зямлёй звязана ўсё маё жыццё. Вельмі радуе, што ў нашым сельгаскааператыве да працоўнага чалавека адносяцца з пашанай і павагай.

Шчырыя словы любові і падтрымкі выказваюць яшчэ і самыя блізкія людзі – жонка Наталля, дачушкі Алеся і Жэня. Але не толькі  яны натхняюць галаву сям’і на працоўныя подзвігі. Галоўны прынцып паспяховай працы ў СВК “Калгас “Радзіма” вядомы ўсім – гаспадарлівасць. Сыходзіць ён як ад кіраўніцтва гаспадаркі, так і ад звычайных людзей, якія бачаць на ўласныя вочы плён сваіх намаганняў і стараюцца зрабіць свой унёсак у памнажэнне агульнага дабрабыту.Петушков

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *