Выпрабаванні ўраджэнкі Бялыніч падчас Вялікай Айчыннай вайны

Перамога над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне была дасягнута цаной вялікіх ахвяр і страт беларускага народа. Нямецкія захопнікі пакінулі пасля сябе жудасны крывавы след, беды і спусташэнне.

Ураджэнец Бялыніччыны, ветэран органаў унутраных спраў Васіль КАРОТКІ падзяліўся з рэдакцыяй раёнкі ўспамінамі пра тое, якія выпрабаванні выпалі на долю яго маці падчас гэтай страшэннай вайны. Са слоў сваёй старэйшай сястры Вольгі КАРОТКАЙ ён запісаў кожны выпадак, калі сям’я была на валаску ад смерці, аднак абмінула яе.

“Наша маці, Ірына ХРАНОЎСКАЯ, нарадзілася ў 1911 годзе ў Бялынічах. Яна была адной з двайнят у сям’і   паштовага служачага, дзе выхоўваліся дзесяць дзяцей. Маці з сястрой Надзеяй былі сярэднімі. Іх бацька рана пайшоў з жыцця. Старэйшыя, Дзмітрый і Вольга, у гэты час ужо атрымлівалі вышэйшую адукацыю.

хран

Пасля заканчэння Магілёўскага   педагагічнага тэхнікума ў пачатку 1930-х гг. наша маці працавала настаўніцай у Дзевашыцкай школе. Калісьці мы спыталіся, чаму яна выбрала менавіта гэту прафесію. Маці распавяла гісторыю пра тое, як у маладосці дзяўчаты сабраліся паваражыць на свечках перад люстэркам. І тады яна ўбачыла вялікае ржаное поле, пасярод якога стаялі радамі школьныя парты – гэта і прадказала яе лёс.

У 1932 годзе маці сустрэла нашага бацьку – Ігара КАРОТКАГА, таксама настаўніка. Да вайны яна нарадзіла 6 дзяцей. Аднак старэйшы сын, Анатоль, памёр яшчэ ў дзяцінстве. У 1939 годзе ўся сям’я пераехала ў Асіповічы, таму што бацька паступіў ва ўніверсітэт у Мінску. Там ён працаваў дырэктарам школы, а маці – настаўніцай.

28 чэрвеня 1941 года бацька адмовіўся ад броні і дабравольцам пайшоў на фронт. Маці засталася з пяццю малымі дзецьмі.

На шляху да Эсьмон

Яна выратавала нас, калі з прыходам фашыстаў у Асіповічы мясцовы жыхар выдаў усе сем’і раённых кіраўнікоў, у тым ліку і нашу. Аднойчы пасля абеду да нас на кватэру прыйшлі немцы. За плячыма ў аднаго з іх быў ранец, чымсьці падобны на тэрмас. Яны    агледзелі кватэру: мы зразумелі, што шукалі бацьку. Затым пачалі заліваць усё нечым чорным з непрыемным пахам. Ноччу да нас прыехаў на калёсах школьны конюх і вывез на станцыю.

Там маці ўладкавала нас у вагон-цягнік, які ішоў на захад праз станцыю Слаўнае. У цягніку ехалі параненыя фашысты. Адзін з іх, з параненай рукой, спрабаваў некалькі разоў застрэліць маці і меншага браціка Валерыя, таму што той заўсёды плакаў, бо ў матулі ад перажыванняў прапала грудное малако. За дарогу мы, дзеці, убачылі шмат чаго страшнага, аднак засталіся жывымі. Ад станцыі Слаўнае да Эсьмон было прыкладна больш за 30 кіламетраў. Маці і пяцёра дзяцей пераадолелі гэты шлях з вялікімі пакутамі. Харчаваліся з міласціны: хто даваў кавалак хлеба, хто некалькі бульбін, а некаторыя проста праганялі са двара.

З дапамогай малітвы

Старэйшая сястра Вольга, якой у 1941 годзе было шэсць гадоў, расказвала, як восенню стаяла каля акна ў бабулінай хаце. Яна бачыла, што па вуліцы фашысты гналі на расстрэл яўрэйскія сем’і. Адзін з немцаў зайшоў і ў іх дом. У бабулі і маці былі прыгожыя чорныя валасы, таму іх таксама прынялі за яўрэяў. Бабуля спрабавала растлумачыць яму, што гэта не так, аднак той настойваў на сваім. Тады яна ўпала на калені перад абразамі і пачала маліцца. У гэты час у хату зайшоў яшчэ адзін фашыст, які ўважліва агледзеў усіх нас, а затым прайшоў у другую палову дома, дзе таксама віселі абразы. Яны перагаварылі паміж сабой, вырашылі, што сям’я не  яўрэйская, і пакінулі хату.

У хату прыйшлі паліцаі

Аднойчы ў вёску прыехалі паліцаі з гарнізона в. Алешкавічы. Двое з іх зайшлі ў бабуліну хату. Яны патрабавалі, каб маці аддала ім бацькавы касцюмы, бо даведаліся, што ён быў дырэктарам. Маці адказала, што касцюмы засталіся ў Асіповічах, куды яны могуць ехаць і забіраць іх. За такія словы яе паставілі да сценкі і навялі вінтоўку. Другі паліцай абшукаў хату, але нічога не знайшоў, і яны пайшлі, сыплючы пагрозы.

Забітыя жанчына і дзіця

Напрыканцы вясны 1944 года з боку в. Дзевашычы з’явіліся французы. Яны адкрылі агонь па мясцовых жыхарах, якія ўцякалі ў лес. Нашу маму адгаварылі бегчы мясцовыя жанчыны. Яны ўсе сабраліся ў крайняй хаце і мазалі сажай свае прыгожыя твары. Каля хаты прыпыніліся коннікі. І адзін з іх на ламанай нямецкай мове паведаміў, што забіты адна жанчына і дзіця. Так наша маці, магчыма, пазбегла смерці, застаўшыся ў хаце.

Выратаваў бой

У гэты дзень карнікі з’явіліся ў               в. Эсьмоны пасля абеду. Большасць дарослага насельніцтва ўцякло ў лес і на балота. Пабегла і маці са старэйшай сястрой Вольгай. Фашысты былі задаволены расстрэламі жыхароў і партызан у в. Заазер’е. Свой крывавы след вырашылі яны пакінуць і ў Эсьмонах. Адзін з іх зайшоў у бабуліну хату, за падушкамі на ложку ўбачыў нас, дзяцей. З крыкам: “Партызан!”, – ён ударыў яе прыкладам. На дапамогу бабулі кінуўся сабака, які хаваўся пад ложкам. Немец ад нечаканасці пачаў страляць. На стрэлы прыбеглі астатнія фашысты: убачылі на падлозе непрытомную жанчыну, чацвярых дзяцей на ложку і сабаку. І якраз у гэты час пачаўся бой з партызанамі за вёскай. Немцы кінуліся з хаты. Гэта нас і выратавала.

Прадукты ад бацькі

У жніўні 1944 года маці атрымала рэчавы атэстат ад бацькі-франтавіка. Ён даваў нашай сям’і права атрымліваць раз на тыдзень у Бялынічах прадукты, якія мы, дзеці, не бачылі ўсю вайну. Аднойчы з прадуктамі за спінай мама зайшла ў лес паміж Мокравічамі і Эсьмонамі. Ёй заставалася прайсці каля трох кіламетраў, калі ў кустах яна ўбачыла мужчыну. Гэта быў паліцай. Ён паспрабаваў адабраць у маці ежу, аднак яго спалохаў мясцовы жыхар Фёдар ЛАПО. Ён і давёў маму да канца лесу.

Замест ягад – кулі

Прайшоў май 1944 года. Яго дажджы змылі бруд, амылі зямлю. У свае берагі ўвайшла рэчка Аслік, адквітнеў каля Свята-Троіцкай царквы, што згарэла ў вайну, бэз. У лесе з’явіліся     суніцы.

Ноччу жыхары Эсьмон пачулі гукі боя з боку Бялынічаў. Аднак, нягледзячы на небяспеку, маці і старэйшая сястра Вольга вырашылі схадзіць у лес па ягады. На шляху з’явіліся фашысты. Яны пакідалі машыны ў канцы лесу і сталі бегчы ў бок Заазер’я. Нашы адкрылі па іх агонь. Паміж імі і немцамі апынуліся мясцовыя жыхары. Бой цягнуўся да вечара. У кацялках і пасудзінах у той дзень у многіх аказаліся не ягады, а кулі. Аднак усе вярнуліся дадому. А салдаты-вызваліцелі плакалі, калі бачылі нас, дзяцей вайны, і дзяліліся сваімі прыпасамі.

Мы вельмі любілі сваіх бацькоў. Больш за 40 гадоў яны аддалі высакароднай справе – выхаванню і навучанню дзяцей.

На працягу ўсёй вайны маці няспынна працавала, каб выратаваць нас ад галоднай смерці. Колькі ёй патрэбна было мець мацярынскай цярплівасці, колькі яна праліла слёз!.. Маці ніколі не брала нічога чужога, вучыла нас усяму добраму, сумленнаму, справядліваму і пражыла доўгае жыццё з верай у душы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 чэрвеня 1952 года яна была ўзнагароджана ордэнам “Мацярынская Слава” 3-й ступені.”

Падрыхтавала

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *