З 3 па 9 ліпеня праваахоўнікі склалі 24 адміністрацыйныя пратаколы. Узбуджана адна крымінальная справа

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 3 па 9 ліпеня праваахоўнікі склалі 24 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах – 14, прычыненне пабояў – 8, дробнае хуліганства – 1, ілжывы выклік супрацоўнікаў праваахоўных органаў – 1. Узбуджана адна крымінальная справа.

Святло згасла, сон змарыў. 6 ліпеня падчас рэйдавай праверкі ААТ “Новая Друць” праваахоўнікі выявілі шмат парушэнняў. На МТК “Ключыкі” панавала цемра, а двое вартаўнікоў соладка спалі. Мехдвор і крухмальны завод сельгаспрадпрыемства асвятляліся не ў поўнай меры, а на МТК “Цяхцін” вартаўнік ўвогуле адсутнічаў.

Усё адчынена. Не абышлося без хібаў і ў ААТ “Бялынічы”. 10 ліпеня а палове другой ночы супрацоўнікі міліцыі завіталі на мехдвор сельгаставарыства. Іх чакалі адчыненыя насцеж уваходныя вароты, дзверы рамонтнай майстэрні і бокса з легкавым аўтамабілем. Нават у прыпаркаваным каля ўезду на тэрыторыю мехдвара “УАЗіку” былі адчынены дзверы. Не было асвятлення і адсутнічаў вартаўнік.

Бітва за метал. Жыхарка Эсьмонаў паведаміла міліцыянерам, што нехта ўзламаў яе лецішча і скраў чыгунную пліту, алюмініевы бідон і пажарны апавяшчальнік. Узбуджана крымінальная справа.

Не знайшла. Бялынічанка паведаміла ў дзяжурную службу, што невядомы вынес з яе кватэры планшэт коштам 620 рублёў. Падчас агляду кватэры супрацоўнікі міліцыі знайшлі каштоўную рэч у ложку пад падушкай.

Сцягнуць усё! Прадпрымальнік патэлефанаваў у міліцыю і распавёў, што невядомы пранік у арандаваны ім будынак у аграгарадку Вішоў і спрабаваў скрасці корм для рыбы, які там вырабляецца. А яшчэ ў адной жыхаркі Вішова нехта “прыхватызаваў” дакументы на кватэру і нават квіткі аб аплаце камунальных паслуг.

Свята не ўдалося. У суботу, 8 ліпеня, у рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ была дастаўлена непаўналетняя магіляўчанка з дыягназам: “Вострае атручванне алкаголем”.

Атрымала. Бялынічанка патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паведаміла, што муж учыніў скандал і абражае яе. Аднак падчас разбіральніцтва міліцыянеры ўбачылі іншы бок справы і супакоілі скаржніцу адміністрацыйным пратаколам.

Ганна КАВАЛЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *