Адкрылася выстава графічных твораў Ларысы ЖУРАВОВІЧ

У Мінскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава графічных твораў Ларысы ЖУРАВОВІЧ.

DSC00545

Яна стала дваццатай па ліку і заключнай, праведзенай у рамках выязнога арт-праекта мастачкі “Аб творчасці, каханні і аб самай звычайнай глыбінцы”. Дагэтуль жыхары 19 раёнаў Магiлёўскай вобласцi мелi магчымасць яшчэ раз пераканацца ў тым, што прыгожае побач з намi.

Ну, як было не пабыць i мне на адкрыццi гэтай выставы? Тым больш, што Палац мастацтваў знаходзіцца ў двух кроках ад дома, у якiм я жыву вось ужо сорак гадоў.

Каля самага ўваходу ў Палац мастацтваў на адным з бакоў рэкламнага куба змешчаны, павялiчаны ў шмат разоў, “Нацюрморт з малаком i зелянiнай”. Уверсе вялiкiмi лiтарамi напісана: “Ларыса Журавовіч”.

Яшчэ да афiцыйнага адкрыцця многiя ўжо мелi сваё ўяўленне пра тую цi iншую работу мастака. І з самой Ларысай  Журавовiч я пагутарыў.

Калi ўжо ўзгадаў “Нацюрморт з малаком i зелянiнай”, якi стаў рэкламай, то хочацца падкрэслiць: наша зямлячка прапанавала iх некалькi. Вось “Нацюрморт з салам i “Пша-нiчнай”. Ёсць i “Зайцаў хлеб”. Дзве жанчыны затрымалiся каля “Восеньскага нацюрморта” i нешта цiхутка абмяркоўваюць. Нехта фатаграфуе “Нацюрморт з арабiнай”…

Многiя работы Ларысы Журавовiч друкавалiся, ды i друкуюцца ў нашай “Зары над Друццю”, таму не хуткаспелымi будуць мае меркаваннi i выказваннi.

Жанчына i мужчына… Вось галоўныя, лiчу, вобразы ў творах Ларысы Журавовiч. Яны – героi. Простыя, сцiплыя. І можна доўга разважаць,  спрачацца, шукаць тую мяжу, якая раздзяляе геройства з прастатой. Цi наадварот: можа, без жыццёвай прастаты i сапраўднага геройства не бывае?

Нездарма гавораць: на твары ў чалавека ўсё напiсана…. Можа, i не ўсё. Толькi нi адна маршчынка знянацку, без прычыны, не з’яўляецца. Вось, каб гаварыць яны маглi, гэтыя маршчыны!

Колькi ўсяго давялося перажыць нашым бабулям i матулям, нашым бацькам i дзядулям. Праблемы навальвалiся часам гарой. Нялёгка было жыць, дзяцей гадаваць, рабiць сотнi, тысячы спраў. Засмучацца, радавацца… Усяго хапала. І цi справядлiва, параўноўваючы час былы з цяперашнiм, завяршаць: як цяжка зараз жыць? Па-першае, жыць – гэта цудоўна, людцы вы мае добрыя! Здаецца, гэта i хоча сказаць “Ганна Антонаўна” Ларысы Журавовiч. Многае-многае чытаецца, думаецца, калi ўглядаешся ў “Партрэт Марыi Еўдакiмаўны Маiсеенка”. Адкрытыя, задумённыя твары. За плячыма герояў твораў мастачкі нялёгкая штодзённая праца. Праца i яшчэ раз праца… І не толькi днём. Вось  вам i “Увечары. Ланькаў”. Нешматлiкая тэхнiка, у асноўным, вяскоўцаў выручалi конi… І вось ужо збруя вiсiць на сценцы. Хамуты, аброць, лейцы, няхiтрая вопратка – “Увечары на старым Палессi”. Без конiкаў было б зусiм не пражыць. Бачым, як напрацавалася “Машка”…

А ў тых жа нацюрмортах – таксама заваражальная прастата. Цыбулiны на стале не залацяцца, не на выстаўку. Хлеб, вiдаць, спехам рэзаўся… Гарлач у музей просiцца – беражлiвыя гаспадары. Гадамi служыць, не разбiлi… Старэйшаму пакаленню, у першую чаргу,  зразумела, пра што гаворка, што хацеў паказаць, падкрэслiць мастак. Так было. Так жылi. Ды i жывуць… Дакладней кажучы – жывём. І гэта галоўнае. Працуем, вырашаем надзённыя пытаннi, дзяцей  нараджаем, гадуем iх. Безумоўна, час не той, многае змянiлася. Прыйшоў дастатак, камфорт. А хочацца яшчэ большага.

Мастакi, калi iх пры адкрыццi выставы запрашалi да мiкрафона, доўга каля яго не затрымлiвалiся. І паперкi-пад-казкi iм былi не патрэбныя. Наша Ларыса Журавовiч таксама гаварыла нядоўга, але шчыра:

– Тэма вёскi, яе людзей – гэта не вузкая тэма. І не такая простая. Якая правiнцыя? Гэта вялiкая тэрыторыя ў самым шырокiм разуменні гэтага  слова. Вёска – гэта не толькi “летам да бабулi ўнукi прыехалi”, не толькi “шашлыкi” цi “гайда па грыбы”… Пра гармонiю вясковага жыцця гаварыць зараз складана. Многае з ранейшага адышло цi адыходзіць. Горад гэтага, здаецца, не заўважае… Мы павiнны захаваць тое добрае, цёплае i шчырае, што дапамагала людзям жыць. Пра прыгажосць дабрынi гаварыць – iншым разам i слоў не хапае. Дапаможа мастацтва. Мне пашчасцiла ўбачыць тых маiх гледачоў, якiя мяне разумеюць, для якiх я працавала i працую.

Васiль НАЙДЗІН,

пісьменнік.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *