Некалькі «аб’ектаў» на тэрыторыі раёна, якія могуць зацікавіць і турыстаў, і нас, бялынічан

Бялыніччына, у адрозненне ад некаторых іншых раёнаў, не можа пахваліцца ні старадаўнімі замкамі, ні велічнымі палацавымі ансамблямі альбо іншымі архітэктурнымі рарытэтамі, ні захаванымі старасвецкімі сядзібамі. Гісторыя рэгіёну вельмі цікавая і найбагацейшая, а вось паказаць яе, што называецца, праілюстраваць на мясцовасці, няма магчымасці.

І тым больш мы павінны ашчадней і беражлівей адносіцца да тых “крупіначак”, што засталіся ад нашага агульнага былога. Хоць бы і ў якасці сумнага напамінку сабе і сваім нашчадкам. І дзеля навукі: не знішчай тое, што сам не стварыў.

А падобных “крупіначак-пярлінак” на тэрыторыі раёна яшчэ, на шчасце, многа засталося. Пазнаёмлю шаноўных чытачоў “Зары над Друццю” з двума такімі “аб’ектамі”, якія могуць зацікавіць і турыстаў, і нас, бялынічан.

Гасцінец на Магілёў праз Цяхцін. Шлях ішоў праз Біскупку, Парахоўку, Сякерку, Машчаніцу, Рудню, Каліноўку, Прыстань, Асавец, Цяхцін, Крынкі, Чырвоную Слабаду і далей па тэрыторыі сённяшняга Магілёўскага раёна (цяпер па той дарозе пакладзены асфальт). Многія найстарэйшыя жыхары аграгарадка, а за імі і іхнія дзеці-ўнукі, называюць яго “Кацярынаўскім шляхам”. Мажліва, і з-за магутных раскідзістых бяроз, якія яшчэ з паўстагоддзе таму ў велічным спакоі атачалі яго стромкія ўзбочыны.

цяхмаг1

Участак насыпу дарогі з Крынак на Магілёў.

Перад Крынкамі, а да Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі было шмат хутароў (казалі, што Крынкі ў хутарах, а Цяхцін – у вуліцах), шлях паварочваў ледзь не на 90 градусаў і наўскоса па прырэчным лузе падыходзіў да Друці. Зразумела, на воднай перашкодзе павінен быць мост. Ён быў – і па сёння ў вялікай сажалцы перад ракой, як і ў ёй самой, засталіся рады пачарнелых ад веку драўляных свай.

цяхмаг

Вядомы беларускі краязнаўца і выдавец гістарычнай літаратуры Віктар ХУРСІК выказаў меркаванне, што мост быў збудаваны больш за сто гадоў таму: “Магчыма, дарога была пракладзена незадоўга перад Першай сусветнай вайной. А такі мост маглі ўзвесці толькі спецыялісты. Нават сёння бачна, што вельмі дакладна захавана адлегласць паміж сваямі. Дый каб тыя сваі загнаць у глебу, патрэбна адмысловае прыстасаванне – плыт з молатам. Мелася яно ў адпаведных дзяржаўных службаў і спецыялістаў-вайскоўцаў”.

З іншага боку, пракладка шляху па такім маршруце была і фінансава менш затратнай, чым ён ішоў бы праз Бялынічы. Колькі сродкаў і сіл было сэканомлена толькі на ўзвядзенні мастоў праз рэкі! Дый балот у гэтым накірунку значна меней.

Вядома, што на тэрыторыі сённяшняй Беларусі найбольш інтэнсіўна пачало развівацца дарогабудаўніцтва пасля 1812 года. Калі, напрыклад, па стане на 1811 год у Магілёўскай губерні паштовых і шасейных дарог было менш за 1 тысячу вёрст, то ў 1848 годзе іх стала каля 2 тысяч вёрст.

Трэба адзначыць, што гэты гасцінец быў пазначаны не на ўсіх тагачасных картах. Магчыма, і з ваеннай мэты: менш ведаюць, больш прасторы для арганізацыі абароны, патаемнага перамяшчэння войск.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны па гэтым шляху адступалі чырвонаармейцы. Яны і мост падарвалі. Тыя ж, хто не паспеў своечасова перабрацца на той бераг да падрыву яго, кідалі тэхніку, гарматы на лугавіне перад мостам і пераходзілі ваду на супрацьлеглы бок уброд альбо пераплывалі раку на спадручных сродках.

Пасля вайны замест моста зрабілі паром, і яшчэ колькі гадоў кароткі шлях у абласны цэнтр знаходзіўся на службе ў навакольнага насельніцтва. Яны адвозілі туды саматужную прадукцыю з дрэва і лазы, дровы, тканыя рэчы… Потым гасцінец прыйшоў у заняпад, і калі будавалі на беразе Друці, прыкладна там, дзе цяпер стаіць памятны знак у гонар славутага беларускага мастака В. К. Бялыніцкага-Бірулі, вадзяную помпавую станцыю, быў выкарыстаны пясок з насыпу дарогі.

Цяпер ад колішняга гасцінца засталіся толькі два ўчасткі, якія густа пазарасталі дрэвамі і хмызняком, сваі ў сажалцы перад Друццю і ў самой рацэ.

Што ж, мабыць, такі лёс старых гасцінцаў, якія, апынуўшыся ў баку ад новых маршрутаў, асуджаны на заняпад ці ператвараліся ў звычайныя прасёлкі. А найчасцей зарасталі хмызняком, лесам.

Але ж існуе памяць дарогі, на якой пакінуты мільёны слядоў…

Капліца ў вёсцы Сялянская Клёўка. Шчыра прызнаюся ў тым, што аб існаванні гэтай сакральнай пабудовы даведаўся толькі ўзімку 2016 года, пражыўшы ў Бялынічах больш за тры дзясяткі гадоў. Шасцікутная прымогілкавая капліца на 19 вянцоў, якія захаваліся, але невядома, якое дрэва выкарыстана, была сарыентавана па лініі поўдзень-поўнач з невялікімі адхіленнямі. Замест компаса мне паслужылі ўласныя вочы і арыентацыя ў прасторы з увагай, канечне, на Сонца. Ведаючы, што гэты край у свой час густа засялілі стараверы, адразу ж узнікла думка: мабыць, гэта веткаўскія перасяленцы “другой выганкі” збудавалі сваю малельню і на памяць аб страчанай радзіме ўваход у храм зрабілі з паўдзённага боку. Ужо потым, пагутарыўшы з Сялянклёўскімі старажыламі – Марыяй ЗЯЗЮЛЯ (1934 года нараджэння), значна маладзейшым за бабулю, але ўжо “дачнікам з Магілёва”, Васілём БУРЫМ, Агапай БУРАЙ (нарадзілася ў 1938 годзе) і іншымі – зразумеў, што да старавераў гэта каплічка абсалютна ніякага дачынення не мае.

цяхмаг5

— Жылі стараверы і ў Сялянскай Клёўцы. Перасяліліся сюды прымусова са сваіх хутароў у калектывізацыю, — расказала Марыя Герасімаўна. — Але хавалі і хаваюць іх па сёння толькі на могілках у Старой Клёўцы. Прывозяць сюды сваіх нябожчыкаў з Магілёва, Мінска і нават Масквы.

Да калектывізацыі стараверы жылі на хутарах. Упарціліся, калі пачалі іх перасяляць у вёскі. У нашай вёсцы пасяліліся, мусіць, сем ці дзевяць сем’яў. Раней і цяпер у лесе, які вырас на месцы былых хутароў, тыя мясціны называюць па прозвішчах іх гаспадароў: Сілачка, Проска, Клаўдзе…

І вось, калі загаварылі з імі пра каплічку, то Марыя Зязюля сказала, што яна колькі жыве, памятае гэту цэркаўку.

— Перад вайной было і пасля вайны колькі гадоў, – тлумачыць бабуля, – калі чалавек памрэ, яго ў ёй і адпявялі. Мне тата казаў, што царкву шведы пабудавалі, а побач з ёй пахавалі сваіх салдат. Зрабілі храм Божы без пілы. Толькі з сякерамі і завіхаліся.

— Курганоў і на полі каля царквы, і   ў лесе было шмат, —удакладняе Васіль Буры і дадае: — Некалі каля Біскупкі нават старыя гарматныя ствалы ў зямлі знайшлі.

Што б там ні казалі пра курганы, гарматныя ствалы і шведаў са стараверамі, але каплічка на могілках стаіць і  па сёння. Праўда, абрушыўся дах, падгнілі некалькі верхніх вянцоў. Але само дрэва паўтара дзясятка вянцоў, нягледзячы на сваю даўнасць,добра захавалася. Здзіўляе амаль філігранная праца тагачасных будаўнікоў – каб сякерай так падагнаць вуглы, скругліць іх!

цяхмаг3

цяхмаг2

Салярна-месяцавая сімволіка купальнага крыжа капліцы ў Сялянскай Клёўцы.

Некалькі здымкаў каплічкі на могілках у Сялянскай Клёўцы паказаў доктару архітэктуры, члену-карэспандэнту Міжнароднай акадэміі архітэктуры, прафесару, загадчыку кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ Сяргею СЕРГАЧОВУ. Адзін са стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, музейнага комплексу старадаўніх рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, аднаўлення шэрагу сакральных аб’ектаў, вядомы даследчык праблем захавання гісторыка-культурнай спадчыны, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2016 года, які стварыў  адзіную свайго кшталту кнігу “Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць” і праца над якой вялася адначасова з практычнай дзейнасцю па захаванні аб’ектаў народнага дойлідства, што маюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць, сказаў літаральна наступнае: каплічка ўнікальная для цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Яе трэба захаваць.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *