25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы

Кожны год 25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы. Гэта не проста запіс чырвоным колерам у календары. За ім — мужнасць і стойкасць людзей, якія цаной свайго здароўя, а часам і жыцця, здзяйсняюць подзвігі ў мірны час, ратуюць нас ад наступстваў вогненнай стыхіі. Набіраючы нумар 101, людзі пасяляюць у сваім сэрцы надзею, што дапамога прыйдзе да іх у самы бліжэйшы час.

Пульт

На сённяшні дзень у РАНС знаходзяцца 16 адзінак спецыялізаванай тэхнікі, у тым ліку каленчаты пад’ёмнік, які можа падымаць выратавальнікаў на вышыню 24 метры (7-павярховы дом) і дзве цыстэрны АЦ-10,0-40 (6317) на базе аўтамабіля МАЗ ёмістасцю 10 тон вады і 600 літраў пенаўтваральнай сумесі.

Адна з іх знаходзіцца непасрэдна ў часці ў Бялынічах, а другую атрымаў нядаўна на ўзбраенне ПАВП №13 у аграгарадку Галоўчын.

— Наш пост старэйшы ў раёне і мае дастаткова вялікую зону абслугоўвання, — гаворыць начальнік яго Віктар ЛЯНЬКОЎ. — Акрамя вёсак Галоўчынскага сельсавета выязджаем на здарэнні ў суседнія Круглянскі і Шклоўскі раёны. Пасля аптымізацыі пажарнага паста на жывёлагадоўчым комплексе “Усход” далучылася і тэрыторыя Вішоўскага сельсавета. Таму такая тэхніка нам вельмі дапамагае.

Новая машына паспела ўжо зарэкамендаваць сябе з лепшага боку. Задаволены яе тэхнічнымі магчымасцямі і вадзіцель Анатоль МІНУТКА.

— Заўсёды быў нераўнадушны да тэхнікі і з дзяцінства марыў стаць вадзіцелем, — усміхаецца выратавальнік. —  Правы на кіраванне легкавым і грузавым аўтамабілямі атрымаў у нашым прафтэхліцэі. А падчас службы ў войску вывучыўся на вадзіцеля катэгорый “Д” і “Е”. Пасля таго, як выканаў воінскі абавязак, паўстала пытанне аб уладкаванні на працу, і бацька параіў пайсці ў РАНС. Ніводнага разу не пашкадаваў аб гэтым. Мае дзеткі Ксюша і Ваня ганарацца, што іх тата — выратавальнік.

— “Лішніх” людзей у прафесіі пажарнага сустракаць пакуль не даводзілася, — далучаецца да размовы камандзір аддзялення ПАВП №13 Аляксандр КАЗЛОЎ. — Ва ўсялякім разе, яны ў гэтай сферы надоўга не затрымліваюцца. Для нас важна працаваць камандай, мець адчуванне локця, сяброўскай падтрымкі. У многіх жаданне стаць выратавальнікам фарміруецца з дзяцінства. Шмат гадоў назад на пажары загінулі блізкія мне людзі. Напэўна, гэта ў большай ступені паўплывала на тое, што я захацеў прысвяціць сваё жыццё службе ў радах МНС.

минутко

Акрамя спецыялізаванай тэхнікі, пажарная часць і чатыры аварыйна-выратавальныя пасты раёна ўкамплектаваны гідраўлічнымі станцыямі з неабходным наборам сучасных інструментаў для выратавання людзей пры ДТЗ. Таксама кожная пажарная аўтамашына мае электрагенератар з мачтай асвятлення. У цёмны час сутак дадатковае асвятленне дае выратавальнікам больш магчымасцей выканаць сваю работу хутка і аператыўна. Генератары, у сваю чаргу, дазваляюць эксплуатаваць неабходнае ў надзвычайнай сітуацыі электраабсталяванне.

— У рабоце выратавальнікаў-пажарных заўсёды стаіць на першым месцы пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, — адзначае начальнік РАНС Віталь Воранаў. — Асабовы састаў рэгулярна праходзіць навучанне ўсім тонкасцям прафесіі. Нашы супрацоўнікі не толькі павышаюць сваю кваліфікацыю на адпаведных курсах, але і набываюць   дадатковыя спецыяльнасці плыўцоў, вадалазаў, альпіністаў… Сапраўды, чалавек, які прыйшоў на службу ў рады МНС, павінен валодаць універсальнымі навыкамі, быць гатовым і ўдзень, і ўночы выконваць свае абавязкі. Прыгадваю такі выпадак: 27 мая, у Дзень грамадзянскай абароны, выратавальнікі паказвалі перад бялынічанамі сваё майстэрства ва ўмоўнай надзвычайнай сітуацыі, а літаральна праз некалькі хвілін сумесна з медыкамі выратавалі жыццё чалавеку – у сапраўднай.

сборы

Акрамя выездаў на пажары, супрацоўнікі РАНСа выконваюць шмат іншых складаных задач. Яны выязджаюць на знішчэнне гнёздаў дзікіх жалячых насякомых, на ДТЗ, дапамагаюць  работнікам сельскіх Саветаў ліквідаваць струхнелыя дамы, грамадзянам і арганізацыям —  выдаляць аварыйныя дрэвы, дзяжураць на палях падчас уборкі зерня.

Больш за 20 гадоў жыцця прысвяцілі службе Аляксандр Казлоў, Аляксандр ШУТ, Уладзімір КАЛІСТРАТАЎ.

Свой працоўны вопыт і жыццёвую мудрасць  яны актыўна перадаюць маладой змене.

Які выпадак у вашай працы асабліва запомніўся? каска

Віктар Лянькоў,

начальнік ПАВП №13

аг. Галоўчын:

— Тэрмін маёй службы пакуль невялікі, таму большасць выпадкаў запамінаецца асабліва ярка. Напрыклад, літаральна за некалькі хвілін да канца адной са змен паступіў сігнал аб ДТЗ у Круглянскім раёне. Мы аператыўна выехалі на месца. Вадзіцель, па чыёй віне адбылося здарэнне, быў настолькі п’яны, што не трымаўся на нагах. Дзякуй Богу, ніхто не загінуў.

 

Аляксандр Шут,Шут

начальнік ПАВП № 11

 аг. Вялікая Машчаніца:

— Паколькі наш пост знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да аўтатрасы М-4, то большасць выездаў бывае на ДТЗ. Шмат разоў прыходзілася змываць з дарогі разлітыя гаруча-змазачныя рэчывы. А літаральна некалькі тыдняў таму быў выклік ад гаспадароў кватэры, да якіх запаўзла змяя. На маёй памяці такі выпадак адбыўся ўпершыню.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *