65 гадоў таму ў Бялынічах адчыніла свае дзверы дзіцячая бібліятэка

У людзей узросту “крышку за 30 і больш” самыя лепшыя гады дзяцінства асацыіруюцца з кнігай. Гэта цяпер дзеці і моладзь занятыя рознымі гаджэтамі, камп’ютарамі, інтэрнэтам, а яшчэ зусім нядаўна лепшым сябрам маленькага чалавечыка была кніга.

Девочки

65 гадоў таму ў Бялынічах адчыніла свае дзверы дзіцячая бібліятэка.

Спачатку для новага ачага культуры выдзелілі пакойчык у прыватным доме па вуліцы Ленінская, а потым фонд перанеслі ў былую нямецкую будку сувязі, якая стаяла на месцы цяперашняй пошты. Частку памяшкання выдзелілі пад кніжны магазін, а другую займала бібліятэка. Першай загадчыцай яе прызначылі Зінаіду ЗІМАВІЛІНУ.

— Пакойчык у нас быў невялікі, — успамінае Зінаіда Яфімаўна. – Затое мелі добрае фінансаванне, камплектавалі фонд самымі лепшымі літаратурнымі творамі для дзяцей, выпісвалі амаль усю савецкую перыёдыку. Зразумела, і адбою не было ад юных наведвальнікаў.

Зина

У 1972 годзе райвыканкам прыняў рашэнне пабудаваць аддзяленне паштовай сувязі на месцы дзіцячай бібліятэкі. Работнікі яе перанеслі кніжны фонд на веранду будынка, у якім размяшчаўся тады і мастацкі музей імя                        В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Гэтае памяшканне не ацяплялася, дый па іншых параметрах мала падыходзіла для захоўвання кніг. Аднак, у такіх спартанскіх умовах, бібліятэка праіснавала 3 гады.

У 1975 годзе ўсе бібліятэкі раёна былі аб’яднаныя ў адну сістэму, а для дарослай і дзіцячай бібліятэк райцэнтра пабудавалі спецыялізаванае памяшканне.

У свой час гэтым астраўком дзіцячага чытання загадвалі Ларыса КУЛЯШОВА, Галіна ЛАПО, Любоў ЛЫЧКОЎСКАЯ. Шмат гадоў абслугоўванню юных чытачоў кнігай аддалі Ніна ЧМУРАВА, Галіна МІХЕЕВА, Людміла БУЛЬБАЧОВА, Святлана АРЛОЎСКАЯ. Гэтыя жанчыны сваёй дзесьці непрыкметнай, але плённай працай выхоўвалі ў падрастаючага пакалення высокія маральныя і духоўныя каштоўнасці.

Кулеш

Михеева

Сёння бібліятэка-філіял з’яўляецца своеасаблівым культурным цэнтрам для дзяцей і падлеткаў. У яе фондзе налічваецца больш за 20 тысяч  экзэмпляраў кніг, часопісаў, газет і электронных дакументаў. Штогод абслугоўваецца больш за паўтары тысячы чалавек, дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, праводзяцца пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва

дзіцячай бібліятэкі.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *