У Бабруйску прайшоў семінар “Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі”

У мінулую пятніцу ў Бабруйску прайшоў семінар “Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі”, арганізатарамі якога з’явіліся Міністэрства інфармацыі Беларусі, Магілёўскі аблвыканкам.

б7

Удзел у ім прынялі намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ, памочнік Прэзідэнта Беларусі — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь ЛАЎРАНКОЎ, намеснік міністра інфармацыі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, РУП “БелТА” і “Белпошта”, ГА “Беларускі саюз журналістаў”, прадстаўнікі Інстытута журналістыкі БДУ, рэдактары і журналісты рэгіянальных СМІ, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў Магілёўскай вобласці.

Адзначым, што наша вобласць, следам за Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай, стала чацвёртым рэгіёнам, дзе сёлета праведзены такія семінары, нацэленыя на павышэнне эфектыўнасці ўдзелу СМІ ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Абмеркаванні пройдуць ва ўсіх абласцях, на заканчэнне запланавана падагульняючае мерапрыемства ў Мінску восенню гэтага года.

Размова прафесіяналаў у Бабруйску вялася ў тэматычным кірунку пошуку перспектыўных шляхоў развіцця рэгіянальных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, іх ролі ў медыяпрасторы краіны. Намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч падкрэсліў, што газеты будуць запатрабаваныя і далей пры наяўнасці на іх старонках жанравай разнастайнасці матэрыялаў, выкарыстання новых спосабаў і форм працы, цеснага ўзаемадзеяння з чытачамі.

– У нашай краіне, – сказаў намеснік міністра, – сёння зарэгістравана больш за паўтары тысячы газет і часопісаў. Дадайце сюды замежныя СМІ, якія выступаюць моцнай канкурэнцыяй. Чытач не глядзіць, дзе выпушчана друкаваная прадукцыя, хто яе заснавальнік. Ён бярэ ў рукі тую газету, якая цікавая для яго і якая мае дастойнае візуальнае напаўненне. Таму рэдактары раёнак павінны разумець, што нават унікальныя творчыя знаходкі могуць згубіцца з-за састарэлага дызайну і няякаснай вёрсткі газеты.

Алесь Карлюкевіч выказаў думку аб тым, што ўсе раённыя газеты павінны стаць шматфункцыянальнымі медыйнымі цэнтрамі, асобныя з іх і метадычнымі, якія будуць выкарыстоўваць у сваёй працы самыя розныя спосабы і сродкі.

Генадзь Лаўранкоў звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на якасць газетных публікацый, іх інфармацыйную напоўненасць,  актуальнасць і аналітычнасць матэрыялаў. На думку Генадзя Міхайлавіча, журналісты яшчэ не навучыліся на дастаткова высокім узроўні паказваць высокапрадукцыйную працу і цікава расказваць пра тых людзей, якія яе дэманструюць.

Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч паінфармаваў, што падчас пошуку архіўных матэрыялаў, якія спатрэбіліся для распрацоўкі канцэпцыі помніка журналістам-франтавікам, які сёлета будзе ўстаноўлены ў Клічаве, у адной з партызанскіх справаздач было занатавана, што пласціны друкарскай машыны для тыражавання клічаўскай падпольнай раённай газеты “Голос партизана” былі вырабленыя са свінцовых куль.

– І тады, і цяпер, – падсумаваў намеснік губернатара, – слова журналіста параўноўваецца са зброяй. І карыстацца ім трэба ўмела.

У дакладзе намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Магілёўскага аблвыканкама Алега ПІШЧАНКІ быў адзначаны высокі творчы патэнцыял дзяржаўных СМІ Прыдняпроўскага краю. На яго думку, попыт на іх і папулярнасць перыядычных выданняў сярод насельніцтва ў многім залежаць ад умення мясцовых журналістаў крочыць у нагу з часам, іх прафесіяналізму, пастаяннага вывучэння тэматычных прыярытэтаў.

– Значымасць рэгіянальнай друкаванай прэсы, – падкрэсліў выступоўца, – даказвае і той факт, што агульны тыраж абласных, гарадскіх і раённых газет Магілёўскай вобласці больш чым у два разы перавышае тыраж асноўных рэспубліканскіх выданняў, якія распаўсюджваюцца ў нашым рэгіёне.

Аднак у век імклівага пераразмеркавання інфармацыйных плыняў на карысць інтэрнэту чытач, і асабліва малады, усё часцей і часцей сыходзіць у глабальную сетку. Таму сучасны журналіст павінен быць універсальным, здольным працаваць і з тэкстам, і з гукам, і з фота, і з відэа, і з блогам.

Шмат карыснай інфармацыі, парад прагучала таксама ў выступленнях загадчыкаў аддзелаў сацыяльна-палітычных праблем Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Іны ЖАКУЦЬ, тэлерадыёвяшчання гарадской газеты “Бабруйскае жыццё” – Мікалая СІЛКОВА, інтэрнэт-партала “БелСМІ” – Яўгена МАЗГОВА, намесніка старшыні ГА “Беларускі саюз журналістаў” Сяргея СВЕРКУНОВА, дацэнта кафедры перыядычнага друку Інстытута журналістыкі БДУ Вадзіма АЛФІМАВА, намесніка генеральнага дырэктара РУП “БелТА” Сяргея АДЗЯРЫХІ, аглядальніка аддзела культуры газеты “Советская Белоруссия” Людмілы РУБЛЕЎСКАЙ, намесніка галоўнага рэдактара КВУП “Інфармацыйнае агенства “Магілёўскія ведамасці”  Генадзя ЛЯХАВА і многіх іншых.

Пасля завяршэння пленарнага пасяджэння ўдзельнікі семінара “Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі” наведалі аддзел тэлерадыёвяшчання газеты “Бабруйскае жыццё”, ААТ “Чырвоны харчавік”, “Бабруйск-арэну”, пазнаёміліся з удзельнікамі Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль” і іхнімі творамі.

б1

б4а

б6

б8

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *