25 ліпеня супрацоўнікі РАНС адзначылі сваё прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы

У гэты дзень для выратавальнікаў адбыўся святочны канцэрт з удзелам самадзейных артыстаў РЦК, прагучала шмат цёплых слоў віншаванняў ад запрошаных гасцей: намесніка старшыні райвыканкама Андрэя ГАНЧУКА, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, падпалкоўніка ўнутранай службы ў адстаўцы Станіслава БУРКО, в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Наталлі БАРОДЗЬКА.

Караул

Ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі прысягу і паабяцалі годна служыць Радзіме супрацоўнікі РАНС Анастасія  ШУМІЛАВА і Віктар БЯЛОЎ.

Прафесійныя дасягненні бялыніцкіх выратавальнікаў былі адзначаны і ўзнагародамі міністра МНС Беларусі. На калегіі, якая адбылася напярэдадні свята ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, граматы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях уручылі начальніку РАНС Віталю ВОРАНАВУ, камандзіру аддзялення ПАВП №11 Віталю ЛЯНЬКОВУ, а вадзіцель ПАВЧ №1 Аляксандр ШЧУРАКОЎ атрымаў нагрудны знак МНС “Выдатнік”.

— На пасяджэнні калегіі міністр Уладзімір ВАШЧАНКА паставіў задачу: не дапусціць павелічэння гібелі людзей ад пажараў, — адзначыў у прывітальным слове Віталь Воранаў. — Гэтая планка вельмі высокая. Каб утрымаць яе, ад нас патрабуецца максімальная мабілізацыя сіл і яшчэ больш напружаная праца.

Затым Віталь Валянцінавіч уручыў Ганаровую грамату абласнога ўпраўлення МНС камандзіру аддзялення ПАВЧ №1 Станіславу МЯДЗВЕДЗЕВУ і граматы – начальнікам ПАВП №11 Аляксандру ШУТУ, ПАВП №13 Віктару ЛЯНЬКОВУ.

Выратавальнікі Віктар КАРАЛЁНАК, Юрый КАРНЕЕЎ і Сяргей СКАМЕЙКА заахвочаны грашовымі прэміямі абласнога ўпраўлення МНС.

Камандзіру аддзялення ПАВП №13 Аляксандру КАЗЛОВУ і вадзіцелю паста Анатолю МІНУТКУ ганаровыя граматы райвыканкама ўручыў Андрэй Ганчук.

Ад імя ветэранаў унутранай службы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Станіслаў Бурко.

— Не палохайцеся марыць, — падбадзёрыў ён калег. — Калісьці мы маглі толькі ўяўляць, што будзем валодаць такім тэхнічным узбраеннем, якое вы маеце зараз.

Таксама Станіслаў Фёдаравіч уручыў нагрудныя юбілейныя знакі “25 гадоў Беларускаму саюзу афіцэраў” маёру ўнутранай службы Юрыю МАРОЗАВУ, капітану Ільі ЦІКУНОВУ і старшаму лейтэнанту Арцёму РЫБАКОВУ.

Шчырымі апладысментамі сустракалі ўдзельнікі свята выступленне сваіх сяброў-саслужыўцаў Яўгена ШУТОВА і Юрыя ДОЛГАГА, якія выканалі вясёлыя “пажарныя” частушкі. А ўдзельнікі народнага тэатра мініяцюр “Імпульс” РЦК паказалі вясёлую тэматычную інсцэніроўку “Тэлефон”. Выдатны настрой на працягу ўсяго свята выратавальнікам дарылі ўзорная вакальная студыя “Колеры” і маленькая цяхцінская зорачка Крысціна БАРАНАВА.

Кристи

Стас

Юра

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *