Захацелася чужога

Цвярозы чалавек не пойдзе на правапарушэнне, ён шмат разоў падумае, у што гэта яму выльецца. А п’янаму сумленне не замінае, для яго паміж чужым і сваім няма ніякай розніцы.

Бялынічанін Сяргей Х. не аднойчы канфліктаваў з законам. Краў і не саромеўся. Тым больш, амаль усе злачынствы рабіў у стане алкагольнага ап’янення, а віно, як вядома, з сорамам не сябруе.

Пасля адбыцця чарговага тэрміну зняволення ўладкоўвацца працаваць афіцыйна не захацеў, а каб наталіць фінансавы голад, шукаў лёгкіх і кароткачасовых заробкаў. Аднойчы вечарам, вяртаючыся дадому, заўважыў на вуліцы знаёмага. Гэта быў яго былы падзельнік Уладзімір К. Ён не так даўно вярнуўся з месцаў не вельмі аддаленых і зараз працаваў у Мінску. Сябры абняліся і вырашылі адзначыць сустрэчу. Уладзімір купіў спіртное, і яны разам накіраваліся да агульнага знаёмага. Пасля да іх завітаў яшчэ адзін таварыш.

Учацвярох мужчыны добра пасядзелі.  Але алкаголь нечакана скончыўся, а прадоўжыць банкет вельмі хацелася. Уладзімір даў сябрам сваю банкаўскую картку і папрасіў зняць з яе грошы, каб зноў купіць выпіць.

Калі картка апынулася ў руках Сяргея, ён спачатку зняў патрэбную суму на спіртное, а потым яшчэ 200 рублёў. Пазней, калі сыходзіў з гасціннага дома знаёмага, прыхапіў і мабільны тэлефон Уладзіміра.

Назаўтра гаспадар карткі здагадаўся, хто скраў яго рэчы. Ён прыгразіў напісаць заяву ў міліцыю, калі так званы “сябар” не верне яму маёмасць. Тэлефон Сяргей аддаў хутка, а вось грошы – не.

Перад судом злодзей чыстасардэчна раскайваўся ў сваім праступку, аднак разжалобіць прадстаўнікоў законнасці яму не ўдалося. Згодна ч. 2 арт. 205 і ч. 2 арт. 212, суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 3 месяцы.

Таццяна КОЗЫРАВА,

старшы следчы РАСК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *