Зямны паклон табе, матуля!

Калі жанчына прысвячае ўсё сваё жыццё дзецям, яе ўчынак варты асаблівай павагі. У першую чаргу за тое, што дзяцей трэба не толькі нарадзіць, але і вырасціць, і выхаваць, а яшчэ зрабіць так, каб у самастойным жыцці яны не забываліся на свае карані, шанавалі бацькоў, любілі малую радзіму.

Для жыхаркі вёскі Гняздзін Вішоўскага сельсавета Галіны Паўлаўны ДЗІМІТРЫЯДЗІ, самай старэйшай удзельніцы творчага праекта “Жанчына. Маці. Гераіня”, найвялікшая радасць, калі яе сыны і дочкі збіраюцца разам. Немагчыма падлічыць, колькі любові, цярпення, душэўных і фізічных сіл прыкладала яна, каб усе сямёра выраслі сумленнымі і працавітымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю, годна ўладкаваліся ў жыцці. Сама маці-гераіня лічыць, што больш за ўсё падтрымлівала яе Божая ласка. Не інакш як там, у нябёсах, быў наканаваны ёй шчодры на падзеі лёс і блаславёная старасць.

баба1

Нарадзілася Галіна Паўлаўна ў трывожным 1941-м годзе ў сялянскай сям’і Ганны і Паўла СТУКАЧОВЫХ. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку мабілізавалі на фронт. Маці была сувязной у партызан, пякла для іх хлеб, перадавала каштоўную інфармацыю, медыкаменты. Пасля вайны прыйшла папера, што яе Павел прапаў без вестак. Маці не выходзіла болей замуж, хоць запрашэнні стварыць шлюб сыпаліся ад незанятай мужчынскай паловы аднавяскоўцаў, як з рога шчодрасці. Да апошняй хвіліны хавала ў сэрцы надзею: а раптам муж вернецца?

Шмат драматычных момантаў прыйшлося перажыць Галіне і ў вайну, і потым, калі ўвесь цяжар сялянскай працы ўзваліўся на іх з матуляй плечы.

Пасля школы адвучылася на прадаўца, аднак па спецыяльнасці працаваць не стала. Сяброўкі запрасілі яе паехаць з імі ў Краснаярск зарабляць грошы. Там уладкавалася на цэлюлозна-папяровы камбінат рабочай і ў хуткім часе сустрэла свой лёс — Івана Дзімітрыядзі. Яго сям’ю, грэкаў па нацыянальнасці, у 1938 годзе прызналі “ворагамі” народа. Бацьку і амаль усіх родных расстралялі, а яго з маці і братам выслалі ў Сібір.

У 1961 годзе Галіна і Іван зарэгістравалі шлюб. Ім выдзелілі пакой у інтэрнаце, паставілі ў чаргу на кватэру.

— Жыццё там было вельмі цяжкае, — успамінае Галіна Паўлаўна. – Грошай атрымлівалі многа, а ў магазінах – пуста. Каб нешта купіць, патрэбна было выстаяць у чарзе не адну гадзіну. А яшчэ вельмі сумавала па нашай беларускай бульбе. Тую, што там прадавалася, есці было немагчыма.

Калі нарадзіўся іх першы сын Павел, вырашылі вярнуцца ў Гняздзін. Тут хутка абжыліся, пабудавалі новую хату. Іван Пятровіч завочна скончыў Магілёўскі педінстытут, працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Вішоўскай школе. Таксама ён выдатна іграў на гармоніку і спяваў.

У Гняздзіне іх сям’я пачала імкліва павялічвацца. Нарадзілася Ганна, следам — Уладзімір, пасля — двайняты Ірына і Валянцін, Вольга і апошні – Аляксандр.

У 1975 годзе Галіну Паўлаўну ўзнагародзілі ордэнам Маці. Калі атрымлівала яго, за спінай пачула гнеўны шэпт: маўляў, сапраўдныя героі ўзнагароды зарабляюць крывёю і потам, а не так, як яна…

Пакрыўдзілася, але нічога не сказала. А потым абраза за клопатамі забылася, тым больш, што здарылася вялікае гора: на 47-м годзе жыцця памёр муж. Трэба было жыць далей, падымаць на ногі дзяцей.

І яна працавала. Спачатку на палявых работах, а пасля таго, як маці выйшла на пенсію, рабіла на яе месцы даяркай на Гняздзінскай ферме. Стараннасць і руплівасць Галіны Паўлаўны не аднойчы адзначаліся кіраўніцтвам калгаса “Радзіма”. Шмат разоў яе заахвочвалі ганаровымі граматамі, прэміямі. Не забываюць і зараз, наведваюць, дораць падарункі, запрашаюць на ўсе знакавыя святы, якія ладзяцца ў сельгаскааператыве.

— Сядзець без справы не магла ніколі, — хавае лёгкую усмешку пажылая жанчына. – Да апошняга трымала ў гаспадарцы карову. У мінулым годзе дзеці ўсё ж угаварылі мяне адмовіцца ад яе. Цяжка было расставацца з карміцелькай. Зараз з усяе гаспадаркі засталіся толькі куры, парсюк ды некалькі авечак.

Нават у паважаным узросце Галіне Паўлаўне сумаваць некалі. Часта наведваюць яе дзеці, унукі, праўнукі. Дый сама нярэдка выбіраецца ў госці да іх. Далёка яе крывінкі не разляцеліся. Дочкі Ірына і Ганна засталіся ў Вішове, Валянцін – жыве і працуе ў Шклове, Уладзімір — у Бялынічах, Павел – у Магілёве, а малодшы, Аляксандр, застаўся з маці ў родным Гняздзіне.

Пры любой нагодзе не саромеюцца дзеці выказаць матулі пяшчотныя словы, пакланіцца нізка да зямлі за тое, што прысвяціла ім самае дарагое, што мела – сваё жыццё.

Семья

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва Г.П. Дзімітрыядзі.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *