У кінатэатры “Зорка” адбылася сустрэча ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў з прадстаўнікамі РК ГА “БРСМ”

Днямі ў кінатэатры “Зорка” адбылася сустрэча ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў з прадстаўнікамі РК ГА “БРСМ”, зацікаўленых службаў і кіраўніцтва раёна, на якой былі падведзены папярэднія вынікі летняй занятасці моладзі Бялыніччыны.

Сустрэча праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу і была прымеркавана да Дня беларускіх студэнцкіх атрадаў, які адзначаецца 1 жніўня. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК і намеснік старшыні КСН Лідзія ЦАПІКАВА падзяліліся з прысутнымі сваім вопытам удзелу ў будатрадах, распыталі маладых людзей аб тым, як праходзілі іх працоўныя будні, што яны хацелі б параіць, каб павысіць прэстыж руху будаўнічых атрадаў у моладзевым асяродку.

— Нагадаю, што зараз працоўная занятасць моладзі носіць больш арганізаваны характар, чым якіх-небудзь 10-15 гадоў таму, — адзначыў Андрэй Ганчук. – Раней непаўналетнія працавалі па 8 гадзін, як і дарослыя, прыцягваліся да работы і ў начныя змены. Асабліва гэта тычылася гарачай пары ўборкі збожжа. Зараз для вас створаны бяспечныя ўмовы працы, вызначаны шэраг арганізацый, дзе вы можаце рэалізаваць свае ўменні і зарабіць грошы.

Завітаў на мерапрыемства і старшы ўпаўнаважаны групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Арцём БАДУЛІН, які распавёў аб новым і небяспечным захапленні моладзі – вэйпінгу (Vaping – працэс курэння электроннай цыгарэты) і папярэдзіў аб яго негатыўных наступствах.

Лідзія Цапікава нагадала непаўнагадовым юнакам і дзяўчатам аб адказнасці за ўжыванне спіртнога і знаходжанні іх у стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах.

Затым в.а першага сакратара ГА РК “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА распавяла пра гісторыю руху студэнцкіх працоўных атрадаў на Беларусі і ўручыла падзячныя лісты РК “БРСМ” прадстаўнікам будатрадаў, якія паказалі найлепшыя вынікі ў працоўным семестры-2017. Таксама ў імправізаванай латарэі сярод юных удзельнікаў сустрэчы былі разыграны 10 запрашальных білетаў на любую прэм’еру фільма ў кінатэатры “Зорка” ў зручны для іх час.

Дарэчы, з пачатку лета на тэрыторыі раёна былі арганізаваны 7 будатрадаў, у якіх працавалі 86 чалавек. Гэта — навучэнцы абедзвюх школ райцэнтра, Запольскай СШ, ПЛ №17 і МДУ імя А.Куляшова. Рабяты шчыравалі ў будаўнічай брыгадзе СВК “Калгас “Радзіма”, выконвалі работы ў БУКП “Жылкамгас” па азеляненні і добраўпарадкаванні вуліц райцэнтра, займаліся праполкай хвойных сеянцаў у пітомніку ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”.

диплом

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *