У СВК “Калгас “Радзіма” праводзілі на хлебныя сенажаці 12 уборачных экіпажаў камбайнаў, а таксама вадзіцеляў, прадстаўнікоў усіх адпаведных дапаможных служб

У дзень памяці святога прарока Ільі ў СВК “Калгас “Радзіма”  ўрачыста, з малебнам, а 14 гадзіне праводзілі вішоўцы на хлебныя сенажаці 12 уборачных экіпажаў камбайнаў, а таксама вадзіцеляў, прадстаўнікоў усіх адпаведных дапаможных служб.

зажынк 034

У ВІШОВЕ. Уборачным экіпажам гаспадаркі неабходна будзе за самыя сціслыя тэрміны ўбраць вырашчаны ўраджай збожжа крыху больш як на 3400 гектарах. Сярод вішоўскіх камбайнераў “вышэйшага пілатажу” і ўдастоены сёлета медаля “Заслужаны работнік СВК “Калгас “Радзіма” Мікалай ДАРЭЧКІН. Цяперашняе жніво для Мікалая 25-е па ліку. Юбілейнае! Дагэтуль ён, яшчэ і дэпутат Вішоўскага сельсавета, за сваю ўдарную працу на ўборцы збожжа чатыры разы заахвочваўся каштоўнымі падарункамі на рэспубліканскіх “Дажынках”. А такое высокае прызнанне ў роднай гаспадарцы, па яго словах, ён лічыць даражэйшым за ўсё і натхняе на новыя працоўныя подзвігі.

Традыцыйны абрад “Зажынкі” пачаўся на імправізаванай пляцоўцы насупраць машыннага двара СВК “Калгас “Радзіма”, якую старшыня гаспадаркі Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ ператварыў у сакральнае месца і своеасаблівае справаздачнае поле. Удзел ва ўрачыстасцях прыняў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, які ў сваім звароце да ўдзельнікаў сёлетняга жніва гаспадаркі ад імя раённага выканаўчага камітэта пажадаў “капітанам стэпавых караблёў”, як і іх памочнікам, рэкордных намалотаў, выключнай вытрыманасці, разумення блізкіх. І нагадаў, што сённяшняе свята “Зажынкі” для вішоўцаў – двайное. Акурат на 2 жніўня прыпадае і Дзень ушанавання памяці прарока Ільі, які заўсёды падтрымлівае ўсіх тых, хто звяртаецца да яго з малітвай аб блаславенні і дапамозе, садзейнічанні руплівай працы.

У МІНСКУ. 2 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю 2017 года. Кіраўнік краіны даручыў завяршыць уборку збожжавых каласавых максімум да 20 жніўня. Ён адзначыў, што сітуацыя вельмі няпростая, з-за ўмоў надвор’я, іншых фактараў, зрушыліся тэрміны як вясенняй сяўбы, так і выспявання ўраджаю.

“На 8-10 дзён мы ўжо спазняемся”, – канстатаваў Прэзідэнт і дадаў, што “ўскладняе сітуацыю і высокая ўшчыльненасць работ. Разам з уборкай збожжавых неабходна весці церабленне лёну, другі ўкос шматгадовых траў, сяўбу пажніўных культур і многае іншае. Застаўся кароткі перыяд часу, на працягу якога нам неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы, каб, з аднаго боку, убраць ураджай, не страціўшы ніводнага зярняткі, з іншага – пачаць падрыхтоўку да сяўбы азімых культур”.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на цяперашнія тэмпы ўборкі збожжавых. Яны вельмі нізкія – за дзень убіраецца не больш як 2-3 працэнты плошчаў.

“Адразу адзначу: усё, што залежыць ад дзяржавы для паспяховай уборачнай кампаніі, зроблена. Фінансавыя рэсурсы ёсць, гаспадаркі забяспечаны тэхнікай (прынамсі, ніхто не ставіць пытанняў па тэхніцы), па паліве на мінулым тыдні падпісана маё адпаведнае распараджэнне”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тэхналогію ўборкі з улікам асаблівасцей бягучага года, максімальна эфектыўнае выкарыстанне зернесушыльных гаспадарак.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое прагучала на рэспубліканскай селектарнай нарадзе,  – людзі, занятыя на ўборачнай кампаніі. “Іх трэба накарміць, напаіць і гэтак далей. Прафсаюзы галавой за гэта адказваюць”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Адначасова з уборкай грамадскіх палеткаў Прэзідэнт даручыў аказаць неабходную дапамогу і прыватнаму сектару, у тым ліку, калі неабходна, і фермерскім гаспадаркам.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што аграрны комплекс Беларусі знаходзіцца на этапе вытворчасці “вялікага” малака, а гэта фінансы сельскагаспадарчых арганізацый.

“Трэба хутка ўбіраць збожжавыя культуры і трэба нарыхтаваць больш травяных кармоў”, – падкрэсліў беларускі лідар.

“Яшчэ адна з мэт сённяшняй нарады – забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Трэба проста ўзварушыць людзей, надаць дынамізм рабоце ўсяго ўборачнага канвеера і не дапусціць страт ураджаю”, – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што катэгарычна забараняецца ўсё спісваць на надвор’е. “Дай бог, каб кожны год у нас было такое надвор’е. Ідэальны год для сельскай гаспадаркі. Не хлебам адзіным жыве чалавек. Няхай другім укосам, цудоўныя травы, добрыя збожжавыя, ідэальная бульба вырасла, лён нядрэнны, буракі, агародніна. Гэта ж таксама ўраджай. І вельмі важны для чалавека”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“У нас пакуль шмат бязладнасці, элементарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак, якія ў цяперашніх умовах недапушчальныя. Цяпер неабходна максімальна напружыцца ўсім і ўбраць з поля збожжа, не расцягваючы работы на месяц-паўтара і не чакаючы, што гасподзь нам пашле лепшае надвор’е. Ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба трымаць тэмпы работ не толькі на жніве збожжа, але і на ўборцы іншых культур”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У ВІШОВЕ. Настаяцель Вішоўскай Петрапаўлаўскай царквы протаіерэй а. Павел звярнуўся да ўдзельнікаў сёлетняга жніва з прачулымі словамі, якімі даходліва патлумачыў тую вялікую духоўную адказнасць кожнага чалавека за свае ўчынкі ў адносінах да сябе, сям’і, грамадскай супольнасці, за ўласную працу. Ён нагадаў пра маральную адказнасць кожнага чалавека перад асабістым сумленнем, роднымі, таварышамі, і, ў рэшце, суседзямі, за свае паводзіны. У сумеснай малітве з вішоўскімі хлебаробамі да нябесных сіл святар папрасіў спору і для сёлетняй іхняй працы на хлебнай ніве, багатага ўраджаю і захаванасці яго.

зажынк 046

Старшыня СВК “Калгас “Радзіма “ Аляксандр Лапацентаў адзначыў: у гаспадарцы зроблена ўсё для паспяховага правядзення чарговай уборачнай кампаніі і выказаў надзею, што сёлетні ўраджай хлеба, які вырас на палетках сельгаспрадпрыемства, не ўступіць збору яго ў папярэднім годзе.

Ад імя адміністрацыі сельгаставарыства Аляксандр Міхайлавіч уручыў “грашовыя канверты” свайму намесніку па раслінаводстве  Барысу САФОНАВУ і механізатару Аляксандру КАЗАКОВУ, якія на ўрачыстасці ўшанавання перадавікоў АПК Магілёўшчыны, што адбылася падчас нядаўняга святкавання Купалля ў  аграгарадку Александрыя, былі ўзнагароджаны  адпаведна ганаровымі граматамі мінсельгасхарчу і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Дзяўчаты, апранутыя ў нацыянальныя строі, уручылі кіраўніку гаспадаркі каравай і абрадавы зажынкавы сноп, насенне якога павінна захоўвацца да наступнай веснавой сяўбы і на засеўках першым легчы ў глебу. Такія ж снапы былі таксама перададзены і экіпажам камбайнераў.

У гонар удзельнікаў жніва, натхняючы іх на высокапрадукцыйную працу, самадзейныя артысты РЦК выканалі некалькі песень. Адну з іх праспявала і малады спецыяліст Марына КАЦЯШОВА, для якой гэта выступленне аказалася своеасаблівым дэбютам, працоўным хрышчэннем.

Пасля таго, як а. Павел акрапіў пасвяцонай вадой усю тэхніку, якая будзе задзейнічана на ўборачных работах, яе кіроўцаў, камбайны рушылі на 73-гектарнае поле трыцікалі паблізу вёскі Рафалава.

зажынк 053

ТЫМ ЧАСАМ.  Беларускія аграрыі пераадолелі паўтарамільённы рубеж намалоту збожжавых і зернебабовых культур.

Па стане на 4 жніўня ў Беларусі было намалочана больш за 1,5 млн тон збожжа, з якіх 541 тыс. тон – аграрыямі Брэсцкай вобласці, 404,2 тыс. тон – Гомельскай. У Мінскай і Магілёўскай абласцях было намалочана адпаведна 263,5 і 100,8 тыс. тон збожжа, у Гродзенскай – 225,9 тыс. тон, у Віцебскай, якая апошняй уключылася ў жніво, – 14,51 тыс. тон.

Збожжавыя і зернебабовыя ўбраны з 448,7 тыс. га, што складае 19,9% ад агульнай плошчы. Лідар на сённяшні дзень – Брэсцкая вобласць, дзе ўбрана 44,3% плошчаў.

У сярэднім з аднаго гектара ў гэтым годзе аграрыі збіраюць па 34,5 ц збожжа.

Экіпаж камбайнераў ААТ “Рассвет” імя К. П. Арлоўскага Кіраўскага раёна ў складзе старшага камбайнера Івана САЛАНОВІЧА і камбайнера Івана БАГЕЛЯ першым у Магілёўскай вобласці намалаціў 1 тысячу тон збожжа новага ўраджаю.

Па дадзеных камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, найбольш актыўна ўборачныя работы пакуль што вядуцца ў Кіраўскім, Бабруйскім і Быхаўскім раёнах. Па стане на             2 жніўня сярэдняя ўраджайнасць складае 30,8 ц з гектара (летась – 31,8). У сёлетніх лідарах Кіраўскі і Круглянскі раёны, дзе з кожнага гектара ў сярэднім збіраюць па 40,9 і 40,0 цэнтнера адпаведна.

Нагадаем, што аграрыі Магілёўшчыны сёлета плануюць намалаціць 1,3 млн тон зерня, што на 300 тысяч тон больш чым летась.

НА БЯЛЫНІЧЧЫНЕ. Да ўборкі вырашчанага ўраджаю збожжа прыступілі ва ўсіх гаспадарках раёна, папярэдне правёўшы абрадавае свята “Зажынкі”.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *