Пакуль вартавыя спяць, злодзеі крадуць

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 31 ліпеня па 6 жніўня праваахоўнікамі быў складзены 21 адміністрацыйны пратакол, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 11, за прычыненне пабояў – 4, дробнае хуліганства – 2, дробны крадзёж – 2, ілжывыя выклікі – 2.

Сон напаў. На мінулым тыдні міліцыянеры праверылі вартаўнікоў ферм, КЗС і машынных двароў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Соладка спалі на рабочых месцах вартавыя на МТФ у Малым Кудзіне, машынным двары в. Заполле і на МТК у Свяцілавічах. А на мехдвары ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” вартаўнік увогуле адсутнічаў.

Згаладаўся. Жыхарка аграгарадка Вішоў патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася, што нехта ноччу выкапаў на яе полі 18 каліў бульбы. Праводзіцца праверка.

Без сувязі. 2 жніўня ў дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне ад прадаўца аднаго з магазінаў райцэнтра. Яна паскардзілася, што невядомая жанчына скрала ў яе мабільны тэлефон “Самсунг”.

Тыран. Жыхар Вугольшчыны вырашаў сямейныя спрэчкі тым, што выкарыстоўваў сваю жонку ў якасці баксёрскай грушы. Змучаная рэгулярнымі пабоямі, жанчына патэлефанавала ў міліцыю. На сямейнага тырана складзены адміністрацыйны пратакол.

Сам прыйшоў. Жыхар в. Замачулле звярнуўся ў міліцыю і прызнаўся, што некалькі разоў “пагаспадарыў” у адным з дачных дамоў сваёй вёскі і скраў адтуль 6 кілаграмаў цукру.

Хацеў падпаліць. Жыхарка аграгарадка Свяцілавічы патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паведаміла, што нехта ноччу кінуў палаючы агнём прадмет на яе дом. Праверку праводзіць аддзел крымінальнага вышуку.

Смага замучыла. Бялынічанін паведаміў у міліцыю, што невядомы скраў у яго 2-літровую бутэльку піва. Праваахоўнікі хутка адшукалі злодзея. На непаўналетняга, якога замучыла смага, быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Вандалізм. Жыхар аг. Вішоў патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што незнаёмыя ноччу пашкодзілі агароджу вакол яго дома. На наступны дзень ён паведаміў, што тыя ж самыя вандалы зноў пашкодзілі агароджу, зламалі дрэва і стукаліся ў суседнія дамы. Праводзіцца праверка.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *