Прафсаюзны маніторынг па пытаннях уборачнай кампаніі прайшоў у ААТ “Бялынічы” і “Новая Друць”

чытаюць

Удзельнікі маніторынгу: намеснік старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Людміла СТАРАСЦІНА, галоўны тэхнічны інспектар вобласці Мікалай БІЛАН, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Станіслаў БУРКО пабывалі на мехдварах, зернатаках і ў полі названых вышэй гаспадарак. Яны пазнаёміліся з умовамі працы ўдзельнікаў жніва, забеспячэннем іх харчаваннем і захаваннем тэхнікі бяспекі.

— Падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі заўсёды знаходзіцца на асаблівым кантролі прафсаюзных арганізацый, — адзначыла Святлана Патапчык. — Экіпажы камбайнаў і калектывы зернесушыльных гаспадарак сельгаспрадпрыемстваў раёна ўкамплектаваны аптэчкамі і спецадзеннем. Значную дапамогу аказала раённая арганізацыя “Беларускага фонду міру”, якая выдзеліла 250 рублёў на закупку для камбайнераў аптэчак.

Работу прафсаюзных арганізацый раёна ўдзельнікі маніторынгу першачаргова ацанілі на прыкладзе ААТ  “Бялынічы”. Камбайны гаспадаркі ўкамплектаваны аптэчкамі, вогнетушыцелямі, скрынямі з пяском. На руках у працаўнікоў усе неабходныя дакументы, якія датычацца аплаты працы, прэміравання, умоў працоўнага спаборніцтва.

Па словах старшыні прафсаюзнай пярвічкі ААТ “Бялынічы” Тамары ЛАРКОВАЙ, у таварыстве штодзённа праводзяцца першасны медыцынскі агляд работнікаў, інструктажы па тэхніцы бяспекі.

У абедзвюх гаспадарках арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, якое дастаўляюць на поле, да месца працы камбайнераў. Самі працаўнікі аплачваюць толькі 10% ад яго кошту, астатнія выдаткі пакрываюць таварыствы.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца заахвочванню перадавікоў жніва. Кожны дзень у гаспадарках вывешваецца спіс лідараў на ўборцы ўраджаю, у гонар іх падымаецца сцяг працоўнай славы. Таксама лепшыя з лепшых атрымаюць ад прафсаюза каштоўныя падарункі, ганаровыя граматы, вымпелы і налепкі на камбайны і аўтамабілі.

Напрыканцы маніторынгу прадстаўнікі прафсаюзаў наведалі зерняток ААТ “Новая Друць”, пазнаёміліся з працай камбайнераў непасрэдна ў полі, пагутарылі з дырэктарам таварыства, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Анатолем ДРАЗДОВЫМ.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *