Шмат гадоў аддала педагагічнай працы

гузнякова“Рады вас вітаць!”, ”Няхай кожны дзень пачынаецца з усмешкі”, – такімі словамі сустракае сваіх наведвальнікаў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Бялынічы”. А каля ўваходу ў школу стаіць імправізаваная мадэль карабля – сімвал падарожжа ў краіну ведаў.

Душой гэтага “карабля” ведаў з’яўляецца Тамара ГУЗНЯКОВА, намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Шмат гадоў аддала яна педагагічнай справе. Гэта велізарны шлях, поўны ўзлётаў і падзенняў, радасцей і няшчасцяў, перамог і няўдач…

Сваю педагагічную дзейнасць Тамара Міхайлаўна пачынала ў Дабрынеўскай васьмігадовай школе Дзяржынскага раёна ў якасці старшай піянерважатай.  З 1977 года працуе ў нашым раёне: спачатку ў Нежкаўскай СШ, затым у Галоўчынскай – настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У 1986 годзе ў цікавы свет рускай мовы і літаратуры павяла Тамара Міхайлаўна вучняў СШ № 2. Дасканалае веданне прадмета, уважлівыя адносіны да школьнікаў, ахова іх правоў, уменне жыць іх жыццём, адказнасць перад вучнямі не толькі за далёкае іх будучае, але і за сённяшняе, – усё гэта дапамагло ёй стаць любімым настаўнікам. Тамара Гузнякова паўплывала на лёсы многіх вучняў, стала для іх прыкладам. Таму не дзіўна, што сярод яе выхаванцаў і тыя, хто выбраў прафесію педагога.

Тамара Міхайлаўна не проста настаўніца, а педагог, які пастаянна ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства, уласны талент. Яна заўсёды ў ліку тых настаўнікаў, якія сумяшчаюць у сабе велізарны выкладчыцкі вопыт, энцыклапедычныя веды і па-сапраўднаму творчыя, душэўныя адносіны да самога працэсу навучання школьнікаў. Пра такіх людзей кажуць, што яны працуюць з агеньчыкам, аддаючы ўсяго сябе справе.

Больш за 20 гадоў працуе Тамара Міхайлаўна намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Яна пастаянна праяўляе сваё майстэрства і лепшыя якасці кіраўніка, што дазволіла педкалектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, здольную вырашаць любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Цудоўныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагаюць ёй захапіць настаўнікаў і вучняў агульнай справай. Яна не баіцца ўкараняць новае ў адукацыйны працэс. Сёння педагагічны калектыў школы сістэматычна ажыццяўляе трансферт эфектыўнага вопыту і інавацыйных ідэй на семінарах, канферэнцыях, форумах не толькі на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях, але і на міжнародным.

Дырэктар школы Уладзімір КОТАЎ адзначае:

– Лічу, што Тамара Міхайлаўна –  адзін з самых вопытных у метадычным, прафесійным плане намеснікаў, які мае вялізны практычны вопыт.  Дзякуючы ёй на высокім узроўні пастаўлена метадычная работа ў школе, створана багатая нарматыўна-метадычная база. Тамару Міхайлаўну вылучаюць не толькі высокі прафесіяналізм, але і крэатыўнасць мыслення, добрасумленныя, неабыякавыя адносіны да любой справы, за якую яна ні ўзялася б. Творчы патэнцыял Тамары Гузняковай неабмежаваны.

Нас, настаўнікаў, зносіны з такім кіраўніком вучаць многаму: Тамара Міхайлаўна  шчодра дзеліцца сваімі ідэямі, педагагічнымі задумамі, дапамагае стаць сапраўднымі педагогамі, мудрымі і цярплівымі да сваёй прафесіі. Яе камунікабельнасць, уменне падтрымліваць адносіны, прыязнасць выклікаюць шчырую павагу ў тых, з кім ёй давялося і даводзіцца працаваць. Яна валодае нейкім нязгасным маральным  імпульсам, надзвычайным пачуццём новага, умее бачыць адметнае ў мностве розных сітуацый і заўсёды гатова дапамагчы кожнаму як парадай, так і справай. Без перабольшвання можна  сказаць, што школа для Тамары Міхайлаўны – гэта яе жыццё, прызванне і радасць. Здавалася б, што такая штодзённая, руцінная работа павінна стаць звыклай, будзённай, але толькі не для Тамары Міхайлаўны – кіраўніка з гарачым, неабыякавым сэрцам.

Алена СІЛКІНА,

Людміла КАЗЛОЎСКАЯ,

настаўнікі-філолагі

СШ № 2.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *