Перавезена першая тысяча тон зерня

У полі каля вёскі Вялікі Кудзін адбылося ўрачыстае ўганараванне вадзіцеля ААТ “Бялынічы” Аляксандра ЧАЙКОЎСКАГА, які першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа.

Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка ўручыў перадавіку Дыплом і грашовую прэмію. Шчырыя словы падзякі за добрую працу выказалі таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Фурсава і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана Патапчык.

чайк3

На пытанне, як атрымліваецца дасягаць з году ў год добрых вынікаў працы, Аляксандр Пятровіч адказвае проста: прывык рупліва працаваць на зямлі з самага ранняга дзяцінства. Зараз яму нават складана падлічыць, якая гэта для яго ўборачная, але было іх ужо болей за дваццаць. З маладых гадоў шчыраваў ён вадзіцелем, апошнія пятнаццаць з  іх – на аўтамабілі МАЗ.  Пра свае заняткі ў вольны час Аляксандр Пятровіч кажа так:

– Люблю многае, але паспяваю няшмат. Мне падабаецца хадзіць на рыбалку. У мяне ёсць вялікая падтрымка, жонка Таццяна Міхайлаўна, якая даглядае нашу падсобную гаспадарку і дом. Ад яе – самая вялікая дапамога.

Праца з раніцы да позняга вечара, у спякоту вымагае шмат сіл. Але хлебаробы ААТ “Бялынічы” ўсё пераадольваюць, бо пакуль трымаецца добрае надвор’е, трэба ўбраць хлеб новага ўраджаю.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *