Са зброяй у траўмапункт

Абрэз паляўнічай стрэльбы знайшоў у Бялыніцкім раёне 3 снежня 2016 года 45-гадовы жыхар Магілёва. Знойдзеную зброю мужчына прывёз дамоў. У той жа дзень яго маці спатрэбілася медыцынская дапамога. Мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, таму, па яго просьбе, у гарадскі траўмапункт іх адвёз сусед. Абрэз грамадзянін прыхапіў з сабой і схаваў пад куртку.

Пільны сусед заўважыў небяспечны прадмет і адабраў зброю, а работнікі гарадскога траўмапункта выклікалі супрацоўнікаў міліцыі.

Падчас папярэдняга следства, а затым у судзе, абвінавачваны так і не змог патлумачыць, з якой мэтай ён узяў з сабой у медустанову абрэз. Па яго словах, ад выпітага спіртнога ён перастаў адэкватна ўспрымаць тое, што адбывалася. Пра ўчыненае ў той дзень злачынства мужчына не помніў, а пра свае дзеянні даведаўся толькі пасля прагляду запісаў з камер відэаназірання.

Па заключэнні балістычнай экспертызы, абрэз паляўнічай стрэльбы быў выраблены самаробным спосабам.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Алена ШУМЕЙКА, мужчына прызнаў сябе вінаватым. Згодна з ч. 2 арт. 295 КК Рэспублікі Беларусь (незаконнае набыццё, захоўванне, перавозка і нашэнне агнястрэльнай зброі), суд прызначыў абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды тэрмінам на два гады без канфіскацыі маёмасці.

Марыя ШУТ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *