Выпіў – сядзі дома

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд Бялыніцкага раёна крымінальную справу па абвінавачанні грамадзяніна Д., 1961 г. н., у злачынстве, прадугледжаным ч. 4 арт. 317 КК Рэспублікі Беларусь.

Следствам устаноўлена, што грамадзянін Д. 12 красавіка 2017 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, па аўтадарозе “Машчаніца – Дробаўка” рухаўся на аўтамабілі “МАЗДА 626” у напрамку аг. Вялікая Машчаніца. Разам з ім на заднім пасажырскім сядзенні ехаў не прышпілены рамянём бяспекі яго сябар.

Паблізу павароту на вёску Малая Машчаніца Д. з кіраваннем аўтамабіля не справіўся і выехаў на абочыну. Маючы намер вярнуць аўтамабіль на паласу, па якой рухаўся, па прычыне знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення няправільна ацаніў дарожна-транспартную сітуацыю, хуткасць руху не знізіў, а змяніў кірунак руху налева. З-за названых прычын аўтамабіль занесла, ён выехаў на левую па ходзе руху абочыну, наехаў на дарожны інфармацыйна-ўказальны знак, а потым з’ехаў у кювет, дзе аўтамабіль перакуліўся.

У выніку дарожна-транспартнага здарэння кіроўца па неасцярожнасці прычыніў сябру цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Па заканчэнні следства Д. прад’яўлена абвінавачванне ў злачынстве і абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання яго пад вартай.

Па дзеючым крымінальным заканадаўстве, за злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 317 КК РБ, суд можа вынесці пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Антон ПАНЮКОЎ,

пракурор аддзела пракуратуры

Магілёўскай вобласці.  

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *