Правілы дарожнага руху аднолькавыя для ўсіх

У рэдакцыю раённай газеты ад жыхароў Бялыніччыны паступіла некалькі пытанняў, якія датычацца выканання патрабаванняў ПДР наконт паркоўкі ўласных аўтамабіляў на дваровай тэрыторыі каля шматкватэрных дамоў і ў “зялёных” зонах, выкарыстання дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў і ўдзелу ў дарожным руху кіроўцаў веласіпедаў, скутараў і мапедаў. За тлумачэннямі карэспандэнт раёнкі звярнулася да в. а. начальніка АДАІ РАУС Сяргея ЖАРНОЎСКАГА.

Жарн— Згодна з п. 143.15 гл. 19 ПДР, прыпынак і стаянка транспартных сродкаў на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі забаронены. Гэта значыць, што аўтаўладальнік можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, калі пакіне сваю машыну пад дрэвам або паміж двума дрэвамі, нават на зямлі, дзе няма травы, але гэтая тэрыторыя лічыцца “зялёнай” зонай. Таксама аўтамабілі нельга ставіць на скразных праездах тэрыторый, якія прымыкаюць да жылой забудовы, і там, дзе яны могуць перашкаджаць праезду транспартных сродкаў камунальных і іншых службаў да шматкватэрных дамоў. За невыкананне гэтых патрабаванняў аўтаўладальніку можа быць прызначаны штраф у памеры 1 б.в. у першы раз, і 2 б.в., калі ён зробіць такое ж парушэнне на працягу года паўторна.

— Дваровыя тэрыторыі ў Бялынічах невялікія, а машын у насельніцтва становіцца толькі больш. Як вырашаецца гэтая праблема на прыкладзе нашага райцэнтра?

— Адпаведныя прапановы аб павелічэнні месцаў для стаянкі аўтамабіляў накіроўваюцца для разгляду ў ЖКГ і ўзгадняюцца з ДАІ. Для прыкладу, былі пашыраны паркоўкі каля ЦРБ, па вул. Мічурына, Будаўнікоў і Паркавай. На дадзены момант асаблівых праблем з недахопам стаяначных месцаў для аўтамашын няма.

— Некалькі гадоў таму ў ПДР было ўнесена змяненне аб абавязковай перавозцы дзяцей у спецыяльных утрымліваючых прыстасаваннях. Наколькі зараз мы можам гаварыць аб эфектыўнасці гэтай меры?

— Прывяду вельмі яркі прыклад. Напрыканцы ліпеня на аўтадарозе Бялынічы-Шапялевічы-Круча адбылося   сур’ёзнае ДТЗ. За рулём аўтамабіля была жанчына, побач сядзеў яе муж, а на заднім сядзенні – трое малалетніх дзяцей. Усе пасажыры былі прышпілены рамянямі бяспекі, а дзеці знаходзіліся ў спецыяльных утрымліваючых прыстасаваннях. Дзякуючы гэтай акалічнасці, абышлося без цяжкіх наступстваў. Дарэчы, з пачатку года ў нашым раёне адбыліся 7 ДТЗ, у якіх пацярпелі 11 чалавек. Двое – загінулі, 9 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. А здарэнняў, у якіх былі пашкоджаны толькі аўтамабілі, зарэгістравана сёлета больш за 130.

— Што датычыцца мапедаў, скутараў…

— Для кіравання гэтымі транспартнымі сродкамі неабходна мець вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі АМ. Атрымаць яго можна ў АДАІ УУС Магаблвыканкама, папярэдне здаўшы тэарэтычны экзамен на веданне ПДР. З сабою патрэбна мець медыцынскую даведку, пашпарт. Таксама скутар (мапед) павінен быць застрахаваны, пастаўлены на ўлік у ДАІ, мець дазвол “Белдзярж-тэхагляду” на ўдзел у дарожным руху. Штраф, прадугледжаны за адсутнасць права кіравання гэтым транспартным сродкам, складае ад 5 да 10 б.в., а пры парушэнні, зробленым паўторна, – ад 20 да 50 б.в..

— Летняй парой многія перасядаюць на веласіпеды. Якія асаблівасці патрабаванняў ПДР прадугледжаны для іх?

— Веласіпедысты з’яўляюцца такімі ж удзельнікамі дарожнага руху, як вадзіцелі і пешаходы. Аднак яны часцей за ўсё ігнаруюць правілы і ездзяць дзе хочаць, і як хочаць. У Бялынічах, на жаль, няма спецыяльных веласіпедных дарожак, таму рухацца на двуколавым транспарце можна толькі па тратуарах і ўзбочынах дарог.

Дарэчы, за парушэнне п. 148 ПДР да адміністрацыйнай адказнасці з пачатку года былі прыцягнуты амаль 50 веласіпедыстаў. З іх спагнаны ў даход дзяржавы штрафы ад 1 да 3 б.в.. У тым выпадку, калі кіроўца веласіпеда знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, сума спагнання “падрасце” да 5 б.в..

Хацелася б засяродзіць увагу на тым, каб грамадзяне раёна больш адказна адносіліся да выканання ПДР, былі ўважлівымі і ўзаемаветлівымі на дарогах, бо ўласная бяспека ў пераважнай большасці выпадкаў залежыць толькі ад нас саміх.

Гутарыла

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *