Далучыцца да слаўнай хлебаробскай сям’і паспрабавала карэспандэнт раённай газеты

Час жніва, бадай што, самы напружаны і цікавы адначасова. Менавіта ад таго, як спрацуюць аграрыі, залежыць харчовая бяспека нашай краіны. Пара ўборкі хлеба становіцца актуальнай для ўсіх, і нават тых, хто па розных прычынах далёкі ад сельскай гаспадаркі.

Для мяне хлебаробскі занятак настолькі ж пачэсны, як і прафесія хірурга. У абедзвюх гэтых сферах дзейнасці ніколі не бывае раўнадушных, “лішніх” людзей. Толькі для хлебароба аперацыйны пакой – гэта залацістае поле, дзе камбайн, падобна на скальпель, ювелірна зразае збажыну з цяжкімі, налітымі сонцам, каласамі.

Гэта – лірыка, а за ўзнёслымі словамі стаіць цяжкая, напружаная праца.

Далучыцца да слаўнай хлебаробскай сям’і і прайсці некалькі этапаў гэтай прафесіі паспрабавала карэспандэнт раённай газеты. Сонечнай жнівеньскай раніцай адправілася на зернесушыльны комплекс СВК “Калгас “Радзіма”, што ў вёсцы Карпаўка, каб адзін дзень папрацаваць у якасці аператара зернесушылкі.

Усяго ў сельгаспрадпрыемстве налічваюцца 4 КЗСК. Два з іх — у Карпаўцы, непадалёку ад жывёлагадоўчага комплексу “Усход”. Месца, скажам так, стратэгічнае. Па-першае, сетка дарог дазваляе хутка даставіць зерне з палёў, а па-другое, побач праходзіць лінія газаправода, і ўсе сушыльныя ўстаноўкі да яго падключаны.

DSC_0038

 

На тэрыторыі комплексу мяне гасцінна сустрэлі аператары Мікалай ЗІНЬКЕВІЧ і Уладзімір САЛАГУБАЎ. Пасля кароткага ўводнага інструктажу ўручылі мой асноўны рабочы інструмент – мяцёлку. Пакуль я расчаравана круціла яе ў руках, прыехала машына з зернем. Вадзіцель даў кароткі сігнал і пачаў выгружаць збожжа ў спецыяльную яму, адкуль яно потым паступіць у сушылку. Як толькі грузавік ад’ехаў, аператары ўзяліся за шуфлі і мяцёлкі і акуратна пачалі збіраць прасыпаную пшаніцу. Я хуценька далучылася да іх.

DSC_0032— Каб стаць сапраўдным хлебаробам, трэба і мяцёлкай памахаць, — пажартаваў Уладзімір Салагубаў. — У аператараў насамрэч вельмі шмат абавязкаў. Трэба адзначаць колькасць рэйсаў аўтамашын, сачыць за сушылкай, прыёмам і адпраўкай зерня, пастаянна правяраць яго вільготнасць. Ад якасці прасушкі насення напрамую залежыць яго захавальнасць і будучы ўраджай. Так, сярэдняя вільготнасць зерня павінна складаць 9-13%, а насеннага — 14%.

Сушаць збожжа пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій. Разумнай машыне задаюць адпаведную праграму, запальваюць газавую гарэлку, і справа пайшла. За змену комплекс можа падпрацаваць амаль 400 тон збожжа. Калі надвор’е не капрызнічае, то яшчэ і больш.

Абслугоўваюць такі велізарны ўчастак работы чатыры чалавекі. Усе аператары зернесушылкі прайшлі навучанне на спецыяльных курсах у Магілёве і раз у тры гады павышаюць сваю кваліфікацыю. Таму мне, як неспецыялісту, дазволена толькі падмятаць прасыпанае зерне і сачыць за тым, каб яго розныя віды не перамешваліся. Ну, яшчэ і дзівіцца зладжанай рабоце ўдзельнікаў жніва. Гэтую акалічнасць не змагло прапусціць пільнае журналісцкае вока. Як было адзначана вышэй, два зернесушыльныя комплексы гаспадаркі знаходзяцца літаральна ў пары крокаў адзін ад аднаго. І іх калектывы пад кіраўніцтвам брыгадзіраў Юрыя КАЛАКУСТАВА і Дзмітрыя ГЕРЧУКА некалькі сезонаў запар займаюць самыя высокія месцы ў раённым працоўным спаборніцтве. Але паміж аператарамі дух саперніцтва не прысутнічае ўвогуле. Кожны з іх дасканала ведае свой фронт работ і на “суседскі” комплекс можа зазірнуць за парадай ці каб прапанаваць сваю дапамогу.

Прасушанае збожжа чакае свайго часу ў спецыяльна пабудаваным ангары. Вось дзе сапраўдныя “залатыя горы”. У залежнасці ад прызначэння, пшаніца, трыцікале і ячмень захоўваюцца асобна. У мае абавязкі ўваходзіць таксама падмятаць за пагрузчыкам, які засыпае зерне з ангара ў аўтатранспарт. За дзень мяцёлка “пацяжэла” на некалькі кілаграмаў. А наперадзе яшчэ ноч!

Пытаюся ў Мікалая Зінькевіча: ці цяжка вытрымаць суткі ў такім напружаным працоўным рытме?

— Як калі, — паціскае ён плячыма. — У дождж, бывае, цяжкавата. Зерне вільготнае, прыходзіцца доўга яго падпрацоўваць. У пагодлівы дзень – лягчэй.

Падчас жніва і родныя Мікалая Адамавіча пераходзяць “у асаблівы рэжым”. Жонка і дзеці (а іх у яго сямёра!) самі спраўляюцца па дамашняй гаспадарцы, прадастаўляючы галаве сям’і больш часу для адпачынку. Хоць, як прызнаецца мужчына, хатнія клопаты для яго не напруга, а звычайны, будзённы занятак.

На суседнім комплексе працуюць Аляксандр СТАНКЕВІЧ і Алег МУШКЕТАЎ. Цікаўлюся ў Аляксандра, колькі ў сярэднім за дзень ён зарабляе на сушылцы.

DSC_0080

— Калі падпрацоўвалі рапс, то за змену атрымлівалася больш за 100 рублёў, — падлічвае Аляксандр. — На зерні выходзіць каля 60. Можа, і больш, у залежнасці ад таго, які аб’ём працы выканаем.

Пачынае цямнець, а машыны з палёў усё яшчэ ідуць. Праца не перапыняецца ні на хвіліну. Я ўжо парадкам стамілася, але ранішні запал, драйв, адчуванне агульнай справы не пакідаюць ні на хвіліну. Толькі са світаннем вейкі пачынаюць цяжэць.

Пасля 24-х гадзін, праведзеных у амаль бесперапынным руху і гуле машын, хацелася толькі як мага хутчэй дабрацца да ложка і адпачыць. Мікалай Зінькевіч і Уладзімір Салагубаў тым часам здалі змену сваім калегам. Іхнія і мае працоўныя суткі падышлі да лагічнага завяршэння. З пачуццём гонару за адказна выкананы ўчастак работы мы развітваемся.

Дарога ад зярнятка да каравая вельмі доўгая. Нягледзячы на механізацыю асноўных рабочых працэсаў, хлеб і зараз здабываецца цяжкай працай. Нам трэба памятаць аб гэтым і шанаваць яго, як раней шанавалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды.

DSC_0089

DSC_0015

P.S. Аўтар выказвае шчырыя словы падзякі намесніку старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Калгас “Радзіма” Міхаілу СКУСАВУ, аператарам КЗСК-30Г Мікалаю Зінькевічу, Уладзіміру Салагубаву і Юрыю Калакуставу за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара

і Уладзіміра САЛАГУБАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *