Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй

козыраваМенавіта так вядзецца прафсаюзная работа ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”. І гэта нядзіўна, бо ўзначальвае прафарганізацыю ўстановы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – Наталля КОЗЫРАВА. У лясгасе яна працуе з 1994 года, зараз выконвае абавязкі начальніка планава-эканамічнага аддзела і на працягу чатырох гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам. Як прызнаецца сама, стараецца годна працягваць справу сваіх папярэднікаў, у прыватнасці, Валянціны НАКАВАЙ.

– У чым заключаюцца абавязкі старшыні прафкама?

– Акрамя штодзённых працоўных абавязкаў на старшыню прафкама кладзецца вырашэнне розных пытанняў грамадскага характару: сацыяльна-бытавыя праблемы работнікаў, віншаванні з юбілеямі, святамі, набыццё падарункаў, збор каманд для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах і многае іншае. Безумоўна, без дапамогі іншых членаў прафкама выканаць усё гэта было б немагчыма.

Кожны месяц праходзяць пасяджэнні прафкама, на якіх з калегамі абмяркоўваем разнастайныя надзённыя пытанні: выкананне калектыўнага дагавору, стан вытворчага траўматызму, аздараўленне працаўнікоў, мерапрыемствы па эканоміі энергарэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў, вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці прафкама.

– Наталля Аляксееўна, якія напрамкі ў рабоце  прафарганізацыі вы лічыце прыярытэтнымі?

– У прафсаюзнай рабоце важна ўсё, але асноўныя задачы заўсёды былі і застаюцца – абарона правоў і інтарэсаў работнікаў, сацыяльнае партнёрства, ахова працы і здароўя. Сёння праца ў лясной гаспадарцы павінна быць не толькі прадукцыйнай, але і бяспечнай. На выкананне мерапрыемстваў па ахове працы ў мінулым годзе зрасходавана 166,8 тыс. рублёў. На распрацоўку і ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў па мадэрнізацыі вытворчасці, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы, выдаткавана 48,9 тыс. руб.

Для патрэб работнікаў лясгаса абсталяваны 12 пакояў адпачынку і прыёму ежы, ёсць 41 гардэробная і 9 душавых. У мінулым годзе ў цэху па перапрацоўцы драўніны пабудавана новае санітарна-бытавое памяшканне, у якім функцыянуюць сушылка, санвузел, душавая, пакой прыёму ежы.

За кошт сродкаў прафбюджэту праведзена вакцынацыя ўсіх жадаючых работнікаў супраць грыпу: усяго былі прышчэплены 125 чалавек. На сёлета таксама заключаны дагавор з ЦРБ на вакцынацыю 141 працаўніка лясгаса.

– Што наконт культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы?

– Зразумела, гэта сфера таксама не застаецца без увагі прафсаюза. Спартыўныя каманды, якія прадстаўляюць лясгас, у мінулым го-дзе перамагалі і займалі прызавыя месцы ў розных відах раённых спаборніцтваў: па більярдзе, зімовай рыбалцы, стральбе, гарадошным спорце, вялікім тэнісе. Майстар пагрузачна-разгрузачных работ Юрый ЛЫСКО ўдзельнічаў у XVI Рэспубліканскай міжгаліновай спартакіядзе прафсаюзаў у складзе зборнай каманды Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання па плаванні.

Работнікі лясгаса летась таксама прынялі ўдзел у 23 культурна-масавых мерапрыемствах, на што было выдаткавана 9,3 тыс. рублёў прафсаюзных сродкаў.

Ужо некалькі гадоў паспяхова абараняем гонар лясгаса на абласным чэмпіянаце па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”.

Дарэчы, займаемся і арганізацыяй турыстычных паездак. Так, у мінулым годзе нашы працаўнікі наведалі Полацк і Гомель, а сёлета пабывалі ў Санкт-Пецярбургу.

– Ведаю, што пільную ўвагу ў рабоце надаеце такім катэгорыям, як ветэраны вытворчасці і маладыя спецыялісты.

– Сапраўды, гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі адміністрацыі і прафкама. Акрамя ўсіх працаўнікоў, прафсаюзным членствам ахоплены таксама 99 пенсіянераў, з якіх чацвёра з’яўляюцца інвалідамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. На прадпрыемстве створана ветэранская арганізацыя, якую ўзначальвае былы інжынер па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы Мікалай КУЛАКОЎ.

Калектыўнай дамовай прадугледжаны шэраг абавязацельстваў у адносінах да непрацуючых пенсіянераў па прадастаўленні дадатковых ільгот, аказанні матэрыяльнай і сацыяльнай падтрымкі.

Напрыклад, ім выплачваецца матэрыяльная дапамога да розных святаў і ў выпадку страты ў сям’і, яны забяспечваюцца дравамі па льготных цэнах і г. д. З прыбытку прадпрыемства на кампенсацыю льгот для непрацуючых пенсіянераў у 2016 годзе выдзелена 11,3 тыс. рублёў.

Маладыя людзі ва ўзросце да 31 года складаюць 22% агульнай колькасці работнікаў лясгаса. Яны атрымліваюць такія выгоды, як даплаты па кантракце, два дадатковыя дні да адпачынку, ім выдзяляецца па тры базавыя велічыні ў месяц для пакрыцця расходаў, звязаных з наймам жылля на працягу трох гадоў, кампенсуюцца выдаткі на навучанне пры атрыманні вышэйшай профільнай адукацыі і інш.

Гутарыў

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *