У СВК “Калгас “Радзіма” 10 экіпажаў камбайнаў перасягнулі парог у тысячу тон намалочанага збожжа

Па стане на 18 жніўня ў СВК “Калгас “Радзіма” 10 экіпажаў камбайнаў перасягнулі парог у тысячу тон намалочанага збожжа. Лідары сёлетняга жніва Мікалай ДАРЭЧКІН і Валянцін ЯКУШАЎ, Юрый ЗАЙЦАЎ і Віктар ВАСІЛЬЕЎ дадалі ў спіс сваіх перамог па 2000 тон зерня.

2000 тон

Раніцай 17 жніўня задажджыла. Можа, так яно і было патрэбна, каб даць героям сёлетняй уборачнай невялікую перадышку і дазволіць ім прыняць віншаванні з чарговым пройдзеным працоўным рубяжом.

З прывітальным словам да перадавікоў звярнуўся старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ. Ён адзначыў, што дзякуючы зладжанай працы ўсіх: і камбайнераў, і вадзіцеляў, і спецыялістаў зернетакоў, — уборачныя работы ў гаспадарцы праходзяць арганізавана і хуткімі тэмпамі.

— Па стане на 17 жніўня ў гаспадарцы ўбрана 60% пасяўных плошчаў, намалочана 14,5 тысячы тон зерня, — паведаміў Аляксандр Міхайлавіч.

Разам з віншаваннямі старшыня сельгаскааператыва ўручыў камбайнерам і вадзіцелям-“тысячнікам” грашовыя прэміі і паінфармаваў, што пасля заканчэння ўборкі ўсе ўдзельнікі жніва атрымаюць два выхадныя дні і дадатковае матэрыяльнае заахвочванне, незалежна ад таго, з’яўляюцца яны членамі СВК “Калгас “Радзіма” ці не.

Дыпломы райвыканкама, прэміі і налепкі на тэхніку “1000 тон” перадавікам жніва-2017 уручыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, а старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК — дыпломы і грашовыя прэміі першым у раёне камбайнерам-“дзвюхтысячнікам” Мікалаю Дарэчкіну і Валянціну Якушаву.

Лідары сярод маладзёжных экіпажаў камбайнаў Аляксандр КУРАНЦОЎ і Сяргей ПАЛУЯНОВІЧ, якія запісалі на свой працоўны рахунак тысячу тон намалочанага збожжа, таксама працуюць у СВК “Калгас “Радзіма”. В. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА павіншавала іх з высокім дасягненнем і ўручыла памятныя падарункі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *