З 7 па 13 жніўня праваахоўнікі склалі 24 адміністрацыйныя пратаколы

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 7 па 13 жніўня праваахоўнікі склалі 24 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 10, за прычыненне пабояў – 9, дробнае хуліганства – 2, дробны крадзеж – 2, ілжывы выклік – 1.

Соннае царства. На працягу тыдня міліцыянеры правяралі вартавую ахову на МТК і МТФ сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Сапраўднае соннае царства было выяўлена на МТК у аг. Цяхцін і на МТФ у в. Вялікі Трылесін. Вартаўнікоў нечакана змарыў моцны сон. Толькі на МТФ у аг. Іскра вартаўнік выконваў свае працоўныя абавязкі. Але… у поўнай цемры.

Бяспечнасць. Супрацоўнікі міліцыі праверылі КЗС у ААТ “Аграсэрвіс”, што ў в. Вылаў і аг. Іскра. На абодвух аб’ектах адсутнічала вартавая ахова, а зерне знаходзілася пад адкрытым небам.

Паліва. Супрацоўнікі АДАІ РАУС спынілі аўтамабіль, вадзіцель якога перавозіў 50 літраў пафарбаванага дызпаліва. Замест лёгкай паездкі аматар крадзенага атрымаў адміністрацыйны пратакол.

“Здала” сына. Жыхарка Свяцілавічаў паскардзілася ў міліцыю, што яе сын скандаліць і лаецца. Але замест выказвання суцяшэнняў праваахоўнікі склалі на яе адміністрацыйны пратакол за лжывы выклік.

Адрамантаваў. 7 жніўня ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ паступіў мужчына са шматлікімі пераломамі. Відавочцы патлумачылі, што ён рамантаваў трубу пячнога ацяплення і зваліўся з даха. Праводзіцца праверка.

Павеў шчодрасці. Бялынічанін патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што яго суседка ў стане алкагольнага ап’янення палівала жыхароў пад’езда півам. На “шчодрую” жанчыну складзены адміністрацыйны пратакол.

След вайны. Мужчына патэлефанаваў у РАУС і паведаміў, што падчас адпачынку на Заазерскім возеры знайшоў прадмет, падобны на гранату часоў Вялікай Айчыннай вайны. Выбухованебяспечны прадмет абясшкоджаны спецыялістамі.

Кожнаму хапіла. Бялынічанін паскардзіўся праваахоўнікам на брата, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і брыдкасловіў. У выніку, абодва атрымалі адміністрацыйныя пратаколы.

Прапажа. Жанчына патэлефанавала ў РАУС і паведаміла, што з яе сумачкі зніклі 200 долараў ЗША. У злачынных дзеяннях яна падазрае 11-гадовага пляменніка. Праводзіцца праверка.

Неадэкват. Бялынічанка паскардзілася супрацоўнікам міліцыі на свайго мужа, які некалькі дзён запар ужывае спіртное і неадэкватна сябе паводзіць. У нармальны стан мужчыну вярнуў адміністрацыйны пратакол.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *