Адбылося пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку Вішоўскага сельвыканкама

саве

Адбылося пашыранае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку Вішоўскага сельвыканкама. Удзел у ім прынялі пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр ЧАДЗЮК, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, начальнік РАУС Сяргей КРАСНОЎ, намеснік пракурора раёна Дзяніс КАТКАВЕЦ. 

Аб рабоце савета грамадскага пункта аховы правапарадку за сем месяцаў бягучага года праінфармаваў прысутных яго кіраўнік – старшыня Вішоўскага сельвыканкама Фёдар РЫДЗЕЦКІ, які адзначыў, што ўсе зацікаўленыя службы працуюць у цесным узаемадзеянні між сабой. З грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртным, характарызуюцца асацыяльнымі паводзінамі, неналежным чынам выхоўваюць дзяцей, з’яўляюцца абавязанымі асобамі альбо вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, пастаянна праводзяцца тлумачальна-прафілактычныя гутаркі, іх перыядычна запрашаюць на пасяджэнні савета ГПАП. Праўда, не заўсёды гэта праца прыносіць належны чаканы плён. Напрыклад, бацька і сын ЛЕЙБОВІЧЫ толькі з пачатку бягучага года, адпаведна, пяць і тры разы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за зробленыя імі правапарушэнні. Іншымі словамі, кантынгент, з якімі маюць справу члены савета ГПАП, своеасаблівы, са знішчанай дарэшты персанальнай сацыяльнай адказнасцю. І ў многіх такіх людзей не заўсёды прысутнічае нават само жаданне да перамены сваёй штодзённай нездаровай у маральным сэнсе будзённасці.

Свае думкі адносна дзейнасці савета ГПАП Вішоўскага сельвыканкама выказалі Аляксандр Чадзюк, Андрэй Ганчук, Сяргей Красноў, дырэктар Вішоўскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу, член сельсаветаўскага савета грамадскага пункта аховы правапарадку Алена ХАРТАВА.

Пракурор Магілёўскай вобласці асабліва падкрэсліў, што ў штодзённай руціннай працы з такой катэгорыяй насельніцтва не павінен прысутнічаць фармалізм. У кожным канкрэтным выпадку неабходна разбірацца глыбінна, дэтальна, прапаноўваць сваю дзейсную дапамогу. Падчас абмеркавання таксама прагучала прапанова аб тым, што ў такіх сітуацыях, асабліва, калі зроблена першае правапарушэнне, калі чалавек толькі апынуўся на пачатку свайго небяспечнага шляху ў сацыяльную і маральную апраметную, патрэбна гранічна шчыльна працаваць з сям’ёй, сваякамі, якія, як ніхто і нішто іншыя, могуць станоўча паўплываць на паводзіны свайго роднага, дапамогуць яму задумацца і, магчыма, змяніць асацыяльны лад жыцця.

На пашыранае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку Вішоўскага сельвыканкама былі запрошаны для правядзення выхаваўча-прафілактычнай работы шэсць грамадзян, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку з прычыны злоўжывання алкагольнымі напоямі і дапушчанымі на гэтай глебе правапарушэннямі.

Жыхар аграгарадка Вішоў Мікалай АНДРЭЕЎ двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. Па словах участковага інспектара міліцыі Сяргея КАРЫТКІНА, па месцы жыхарства мужчына характарызуецца нездавальняюча. Яго сям’я, у якой выхоўваецца двухгадовае дзіця, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Вы разумееце,– звярнуўся да Мікалая пракурор вобласці Аляксандр Чадзюк, – што адной нагой ужо знаходзіцеся ў ЛПП? У дадатак, дзяржава можа перакласці на сябе клопат па выхаванні вашага дзіця! Калі не возьмецеся за розум, менавіта такая чакае вас самая блізкая перспектыва.

— Я не п’ю ўжо, – адказаў мужчына.

— Наколькі зразумеў з характарыстак, вы яшчэ не настолькі моцна ўвязаны ў асацыяльнае жыццё. Выйсце з вашай сітуацыі ёсць: трэба кінуць піць і працаўладкавацца.

— На заробкі ў Расію езджу. Там зарабляю грошы.

— Трэба працаваць тут, – заўважыў Аляксандр Чадзюк. – Вашы дзеці, унукі атрымліваюць бясплатную адукацыю, разам з вамі – і  медыцынскую дапамогу. Карыстаецеся іншымі льготамі. А вы гадамі падаткі не выплачваеце, дармаеднічаеце. Якая патрэбна ад нас дапамога, каб змяніць да лепшага вашу сітуацыю?

Аляксандр Чадзюк паінфармаваў, што ён дамовіўся са старшынёй СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандрам ЛАПАЦЕНТАВЫМ аб працаўладкаванні ўсіх, хто сёння выкліканы на прафілактычную гутарку. Гаспадарцы патрэбны паляводы, механізатары.

Мікалай Андрэеў папрасіў дапамагчы разабрацца ў няпростай, па яго словах, сітуацыі з дапушчанай запазычанасцю па аплаце камунальных паслуг. А наконт працаўладкавання ў гаспадарцы паабяцаў падумаць.

Пракурор вобласці даручыў старшыні сельвыканкама Фёдару Рыдзецкаму аператыўна вырашыць агучаную праблему. Дапамагчы ў вырашэнні яе паабяцаў і начальнік РАУС Сяргей Красноў.

пракурор 005

Няпростая сітуацыя склалася і ў сям’і Аляксандра Лейбовіча.

— Вы ведаеце, чаму вас сюды паклікалі? – запытаўся ў яго Андрэй Ганчук.

— Вінаваты, залёты былі.

А яго 29-гадовы сын у сваіх сёлетніх трох правапарушэннях абвінаваціў маці-пенсіянерку, якая “яго на гэта правакуе”. Да слова сказаць, і яна выклікалася на пасяджэнне савета ГПАП, аднак, не дайшла…

З працаўладкаваннем бацькі і сына таксама вялікая праблема. Аляксандр меў працоўнае месца ў СВК “Калгас “Радзіма”, але ў лютым зволіўся і за п’янства атрымаў накіраванне ў ЛПП. Яго сын у мінулым годзе вярнуўся з гэтай установы, цяпер, па яго словах, ездзіць у Варонежскую вобласць нарыхтоўваць гусіны пух.

Маючы спецыяльнасць слесара-рамонтніка, з 2009 года ён афіцыйна не працуе.

— Была б тут праца, – адказаў малодшы Лейбовіч, – уладкаваўся б.

— А ты спрабаваў яе сам пашукаць? – запыталіся ў яго.

У адказ – цішыня.

Як перасцярога прагучалі ў адносінах да яго словы членаў савета ГПАП: не зменіш паводзіны, разам з бацькам накіруешся ў ЛПП.

Свая непрыемная гісторыя і ў 41-гадовага Віталя СКАЧЫНСКАГА.

— Віталь Паўлавіч, – характарызуе яго ўчастковы інспектар міліцыі, – жыве са састарэлымі бацькамі, злоўжывае спіртным. Два гады таму знаходзіўся на лячэнні ў ЛПП. Двойчы прыцягваўся да адказнасці за сямейныя скандалы – груба абыходзіўся з маці. Не працуе.

— Я хацеў вясной уладкавацца ў калгас на працу, – парыруе Віталь. – Не ўзялі нават каменне на полі збіраць.

— Хто ў гэтым вінаваты? – гучыць лагічнае пытанне. І чуецца лагічны адказ на яго:

— Сам…

Віталь Скачынскі быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за дрэннае абыходжанне са састарэлымі бацькамі. Яму параілі закадзіравацца і папрасіцца на працу ў СВК “Калгас “Радзіма”.

Міхаіл ХАДКЕВІЧ жыве разам з 80-гадовым бацькам. Як высветлілася, неафіцыйна працуе ў аднаго з мясцовых прадпрымальнікаў. Па словах участковага інспектара міліцыі Сяргея Карыткіна, злоўжывае алкаголем і па гэтай прычыне ўзнікаюць непрыемныя моманты з бацькам.

Аляксандр Чадзюк параіў суразмоўцу працаўладкавацца ў СВК “Калгас “Радзіма”.

— Прасіся, каб узялі. Гэта шанц для цябе змяніць сваё жыццё.

За плячыма ў Анатоля СЦЕПАНЕНКІ ўсяго толькі дваццаць пяць гадоў жыцця. Але яно ўжо заплямлена злоўжываннем спіртным (па гэтай прычыне знаходзіцца на прафілактычным уліку), судзімасцю, бяспраўем.

— Ведаеш, за што цябе выклікалі на пасяджэнне савета ГПАП? – задаў хлопцу пытанне Фёдар Рыдзецкі.

— За няправільнае жыццё, – бойка адказаў той.

— Чаму не працуеш?

— Дык жа ў калгас не бяруць! Вось і вымашаны ў Расію на заробкі ездзіць.

— А ты звяртаўся ў калгас, каб працаўладкавацца?

— Не.

— Адкуль жа ведаеш, што не возьмуць?

— Рэпутацыя такая…

Анатоль распавёў, як цяжка яму даводзіцца працаваць далёка ад дома. Па яго словах, яму здаралася некалькі разоў нават пехатою з Расіі ў Вішоў дабірацца.

— Каб узялі працаваць у СВК “Калгас “Радзіма”, – кажа юнак, – з задавальненнем пайшоў бы. Тут свой дом, свае людзі, заробак рэгулярна выплачваецца. Абяцаю закадзіравацца, дапамажыце працаўладкавацца ў калгас.

— Дапаможам, – канстатуе Аляксандр Чадзюк. – Але патрэбна і тваё жаданне працаваць, канчаткова пакончыць з ранейшым ладам жыцця. Лічы, Анатоль, што з сённяшняга дня выпіўка для цябе строга супрацьпаказана. У цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Бярыся за розум!

Падчас прафілактычнай гутаркі ўсе шэсць чалавек, якія выклікаліся на яе, пагаджаліся з тым, што ім трэба шукаць працу ў СВК “Калгас “Радзіма”. Звярнуўся ў праўленне гаспадаркі па накіраванне для праходжання камісіі толькі адзін з іх…

Вядома, зараз для ўсіх іх вельмі важна ўтрымацца на схілістай строме жыцця, каб не скаціцца ў бездань, неабходна зарэкамендаваць сябе. Хопіць на гэта ў іх сіл, цярпення ці не, сёння адназначна не скажаш. Гэта пакажа толькі час.

А так хочацца, каб у іх усё атрымалася, каб яны напоўніцу скарысталі дадзены шанц, не скаціліся ў сацыяльную і маральную апраметную. А настойліва будавалі сваімі рукамі, уласным, не затуманеным гарэлкай, розумам асабісты жыццёвы рай.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *