Сёлета на Бялыніччыну прыехалі на адпрацоўку дваццаць настаўнікаў і тры выхавацелі

Час бяжыць хутка, неўзабаве скончацца летнія канікулы і ўсе школьнікі і педагогі сустрэнуцца на ўрачыстых лінейках. А зараз, пакуль бацькі рыхтуюць сваіх дзяцей да школы, настаўнікі таксама актыўна дбаюць пра чарговы навучальны год. 15 жніўня да педагагічнай сям’і раёна далучыліся 23 маладыя спецыялісты.

крыльцо цвет

Сёлета ў наш раён прыехалі на адпрацоўку дваццаць настаўнікаў і тры выхавацелі. Большая палова маладых спецыялістаў – ураджэнцы нашага раёна.

На сходзе, які прайшоў 15 жніўня ў зале пасяджэнняў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, да маладых спецыялістаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ганчук. Ён павіншаваў іх з першым рабочым днём, расказаў пра сістэму адукацыі нашага раёна, заклікаў адказна ставіцца да сваёй працы.

зал цвет

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА пазнаёміла кожнага маладога спецыяліста з кіраўніком установы адукацыі, у якую таго накіравалі, расказала пра ўмовы прадастаўлення месца для пражывання ў інтэрнатах.

Ці задаволены маладыя спецыялісты сваім першым рабочым месцам? Аб гэтым мы даведаемся з міні-апытання некаторых з іх.

Андрэй ПАНЕДЗЬКА, настаўнік фізікі СШ №2:

– Скончыўшы МДУ імя А.А. Куляшова па спецыяльнасці “Матэматыка і фізіка”, затым магістратуру гэтай жа ВНУ па спецыяльнасці “Агульная фізіка”, размеркаваўся ў Бялыніцкі раён. Сам я з аг. Сялецкае Касцюковіцкага раёна. У Бялынічы прыехаў за дзень да першага рабочага дня. Засяліўся ў інтэрнаце па вул. Дайнекі. Умовамі пражывання цалкам задаволены, інтэрнат толькі пасля капітальнага рамонту. Усё новае. Таму мяне ўсё і задавальняе. У школе, дзе буду працаваць, я ўжо быў. З калектывам яшчэ не раззнаёміўся, але, у цэлым, усе людзі ветлівыя, прыязныя.

Наталля БЕЛЯГОВА, настаўнік беларускай мовы Цяхцінскага ВПК ДС СШ:

– Я сама з Магілёва. Скончыла МДУ імя А.А. Куляшова па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Па размеркаванні патрапіла працаваць у аг. Цяхцін. У школу ўжо ездзіла – вырашалі з дырэктарам арганізацыйныя пытанні. На дадзены момант мяне ўсё задавальняе, паабяцалі інтэрнат у Бялынічах.

Вячаслаў РАКІЎНЕНКА, педагог дадатковай адукацыі МЦ “Ветразь”:

– Скончыў Бабруйскі каледж імя А.Я. Ларына. Сам я родам з Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Першае ўражанне ад горада Бялынічы станоўчае – усё тут акультурана, што мяне вельмі здзівіла, прыгожы добраўпарадкаваны гарадок. У інтэрнаце пакуль яшчэ не быў. Але галоўнае, што ён ёсць.

Марыя САКУЛЬСКАЯ, настаўнік замежнай мовы СШ №2:

– Выбіраючы прафесію, вырашыла пайсці па слядах бабулі. Таму паступіла ў МДУ імя А.А. Куляшова. Такую спецыяльнасць выбрала ў сувязі з тым, што сёння замежная мова вельмі запатрабаваная, ды і ў школе любіла гэты прадмет. Пасля заканчэння ўніверсітэта вырашыла вярнуцца ў родную школу ў новым статусе, таму ўзяла мэтавае накіраванне. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.

Нікадзім РОГАЎЦАЎ, педагог дадатковай адукацыі МЦ “Ветразь”:

– Я вучыўся ў Бабруйскім каледжы імя А.Я. Ларына на настаўніка выяўленчага мастацтва і чарчэння. Размеркаваннем цалкам задаволены. Быў ужо ў МЦ “Ветразь”, усё спадабалася. Добра, што аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падтрымлівае маладых спецыялістаў і выдзяляе месца для пражывання. Для мяне, як для прыезджага, гэта вельмі важна.

Тэкст і фота

Марыі ШУТ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *