Калектыў райбальніцы папоўніўся маладымі спецыялістамі

На 23 спецыялісты папоўніўся калектыў райбальніцы. Сямнаццаць з іх – сярэднія медыцынскія работнікі і шэсць – урачы.

ЦРБ цвет

Урач-інфекцыяніст Анастасія КАЧАНАВА нарадзілася ў сям’і медыкаў, таму пытанняў аб выбары прафесіі ў яе ніколі не ўзнікала. Пасля заканчэння школы яна была цвёрда ўпэўнена, што стане ўрачом, і паступіла ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Са сцен ВНУ дзяўчына выйшла не толькі з багатым багажом ведаў, але і з мужам – урачом-тэрапеўтам Аляксандрам КАЧАНАВЫМ, з якім пазнаёмілася на шостым курсе навучання. І цяпер маладая сям’я прыехала лячыць жыхароў нашага раёна. Па словах маладога ўрача-інфекцыяніста, калектыў сустрэў належным чынам, а вопытныя калегі дапамагаюць асвоіцца на новым месцы.

– Адразу было страшнавата, што не спраўлюся, зраблю нешта не так. Але дзякуючы вопыту медсястры Тамары ШУПІКАВАЙ, якая вядзе са мной прыём пацыентаў, я змагла хутка асвоіцца. І цяпер ужо цалкам упэўнена ў сваіх дзеяннях, – падзялілася ўражаннямі ад першых рабочых дзён Анастасія.

У складзе ўрачоў дзіцячай паліклінікі з 1 жніўня працуюць два ўчастковыя педыятры – Крысціна ПАЛУДА і Іван ЛЫЧКОЎСКІ. Пасля заканчэння медуніверсітэта яны марылі атрымаць першае працоўнае месца ў родным горадзе. Так і выйшла.

– Работа з дзецьмі – удзячная справа. З імі знайсці агульную мову часам прасцей, чым з дарослымі. Калі пасля майго лячэння дзіця хутка папраўляецца – гэта самая вялікая перамога для мяне як педыятра. Што можа быць важней за здароўе маленькага чалавека? – падкрэсліла Крысціна ПАЛУДА.

У кабінеце №66 райпаліклінікі вядзе прыём урач-неўролаг Святлана МІЦЬКОВА. Яна ведае сваю справу, таму складанасцяў па лячэнні пацыентаў не адчувае.

У родны горад прыехала на адпрацоўку і ўрач-акушэр-гінеколаг Анастасія АЎРАМЕНКА. Па словах дзяўчыны, праблем з выбарам прафесіі не было і быць не магло. З ранняга дзяцінства ў маленькай Насці праяўлялася цікавасць да медыцыны – яна ўвесь час спрабавала лячыць членаў сваёй сям’і, збірала лячэбныя травы. А стаць урачом такога профілю вырашыла ўжо сама.

– Галоўная мая мэта – дапамагаць жанчынам стаць шчаслівымі маці, а немаўлятам – з’явіцца на свет, – адзначыла Анастасія.

Яе прафесія вельмі складаная і адказная, але малады акушэр-гінеколаг прызнаецца, што ёй падабаецца тое, чым яна займаецца, і яна рада дапамагчы кожнай жанчыне нашага раёна.

Маладыя ўрачы выбралі для сябе нялёгкую працу. У кожнага з іх свой профіль, але аб’ядноўвае іх адно – яны нясуць адказнасць за жыццё і здароўе людзей.

– Спецыялісты прыйшлі талковыя, актыўныя, зацікаўленыя сваёй прафесіяй, – адзначыла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Алена АРЛОЎСКАЯ. – Некаторыя з іх неаднаразова праходзілі ў нас практыку і яшчэ тады зарэкамендавалі сябе толькі са станоўчага боку.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *