Празмернае ўжыванне спіртных напояў заўсёды прыводзіць да непрыемных наступстваў

Алкаголь не толькі запавольвае рухі, ён забівае сумленне. Для тых, каго віно б’е ў галаву, не існуе ні маральных, ні дзяржаўных законаў.

Гэтую аксіёму добра ведаў і жыхар вёскі Асман-Касаева Дзмітрый Ч.

Цёплым ліпеньскім вечарам калега, які жыў у Цяхціне, запрасіў яго адзначыць юбілей. Застолле скончылася позна. Дзмітрый зазбі-раўся дадому, але выпітае спіртное надзейна трымала яго ў сваіх абдымках. Ён крыху паспаў у бліжэйшых кустах, а калі свежае паветра развеяла алкагольны дурман, вырашыў працягваць шлях далей.

Уваходныя дзверы аказаліся зачыненымі, але мужчыну гэта не збянтэжыла. Ён выняў шыбу ў акне і адчыніў хату знутры. Каб сарыентавацца, пасвяціў запальнічкай і адразу зразумеў, што дом чужы. Ісці назад з пустымі рукамі не хацелася. Дзмітрый стаў шнырыць па верандзе з мэтай што-небудзь скрасці. На стале ён заўважыў бутэльку з рэшткамі віна, якім адразу ж наталіў смагу. У буфеце знайшоў канверт з грашыма і паклаў яго ў сваю кішэню. Потым прыхапіў два пластыкавыя вядры, электрычны чайнік, патэльню і пельменніцу.

Раніцой цішком пералічыў грошы. Сума аказалася не малая – 125 рублёў. І ён зноў адправіўся святкаваць учарашні юбілей. Частку грошай патраціў у магазіне на спіртное, якім шчодра частаваў сваіх сяброў, а рэшту выцягнула з кішэні жонка.

У хуткім часе да яе завіталі праваахоўнікі. Яны патлумачылі разгубленай жанчыне, што яе муж абвінавачваецца ў крадзяжы. Пацярпелая пенсіянерка з Цяхціна ў той дзень атрымала пенсію. Частку грошай, 125 рублёў, пакінула ў буфеце, каб назаўтра зрабіць неабходныя плацяжы. Увечары з сяброўкай адзначылі прыемную падзею за бутэлькай віна, а рэшткі яго пакінулі на стале ў верандзе. Раніцой жанчына прачнулася і ўбачыла, што ў яе хаце нехта “пагаспадарыў”. Грошы ў буфеце адсутнічалі, не было вёдраў, чайніка, патэльні. На падлозе засталіся шапка і запальнічка злодзея. Жанчына патэлефанавала ў міліцыю.

Раённы суд улічыў чыстасардэчнае прызнанне Дзмітрыя, яго станоўчыя характарыстыкі з месца працы і жыхарства і тое, што на ўтрыманні знаходзяцца двое малалетніх дзяцей, і прызначыў  пакаранне па арт. 205 ч. 2 Крымінальнага кодэкса ў выглядзе 6 месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 10% заробку штомесяц у даход дзяржавы.

Таццяна КОЗЫРАВА,

старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *