З 14 па 20 жніўня праваахоўнікі склалі 43 адміністрацыйныя пратаколы

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 14 па 20 жніўня праваахоўнікі склалі 43  адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 21, за прычыненне пабояў – 10, дробнае хуліганства – 4, дробны крадзеж – 7, ілжывы выклік – 1.

Цемра. Супрацоўнікі  праваахоўных органаў працягваюць праверку вартавой аховы сельгаспрадпрыемстваў раёна. Яны выявілі, што асвятленне поўнасцю адсутнічае на МТФ ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” ў              аг. Свяцілавічы, у цемры знаходзяцца КЗС ААТ “Бялынічы” ў аг. Галоўчын і в. Малы Кудзін.

Дрэнны зяць. Бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася, што яе дачку збівае муж. На мужчыну, які не змог вырашыць свае прэтэнзіі да жонкі іншым спосабам, складзены адміністрацыйны пратакол.

Смачная бульба. Жыхарка аг. Галоўчын паведаміла праваахоўнікам, што невядомыя выкапалі ў яе цэлую сотку бульбы. На наступны дзень з аналагічнай заявай у міліцыю звярнулася жыхарка Вішова. Яе бульба таксама прыйшлася даспадобы “даўгарукім”.

Мак.  18 жніўня ў в. Ермалавічы праваахоўнікі затрымалі двух грамадзян. У аднаго з іх знайшлі макавыя галоўкі. Узбуджана крымінальная справа.

Пільнасць не падвяла.  Вартавы  КЗС у в. Заполле паведаміў праваахоўнікам, што мясцовы жыхар скраў мяшок зерня прама ў яго на вачах. Праводзіцца праверка.

Напякло. Вечар 18 жніўня выдаўся занадта спякотным для пастухоў ААТ “Бялынічы”, якія пасвілі статак таварыства каля вёскі Паліеўшчына. Яны ўсчалі сварку з мясцовым жыхаром, а затым пусцілі ў ход кулакі. Праваахоўнікі супакоілі занадта “гарачых” грамадзян і выдалі кожнаму з іх па адміністрацыйным пратаколе.

Прыйшоў біцца. Да жыхаркі вёскі Пральня завітаў знаёмы. Ды не ў госці, а захацеў “пачасаць” аб яе кулакі. Жанчына звярнулася ў міліцыю, і нахабны госць атрымаў адміністрацыйны пратакол.

Адпачыць не ўдалося. Магіляўчанка паскардзілася міліцыянерам, што на Заазерскім возеры кампанія моладзі паводзіць сябе нахабна: яны гучна слухаюць музыку, кідаюцца сякерай. За сапсаваны адпачынак маладыя хлопцы “разлічыліся”адміністрацыйным пратаколам.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *