Сярэдняя зарплата бюджэтнікаў у 2018 годзе павінна скласці не менш як Br750-760

Сярэдняя зарплата бюджэтнікаў у 2018 годзе павінна скласці не менш як Br750-760, паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год і параметраў асноўных паказчыкаў на 2019-2020 гады, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і рэспубліканскага бюджэту на 2018 год.

000021_566173_big

«Што датычыцца заработнай платы бюджэтнікаў, то першапачаткова зыходзім з прадугледжаных праектам бюджэту рэсурсаў. Г. зн. па кансерватыўным сцэнарыі тэмп росту ВУП асцярожна ацэньваецца ў 101,2 працэнта. Пры гэтым сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы — на ўзроўні каля Br700. Але мэтавы прагноз на 2018 год — 103,4 працэнта (рост ВУП). Калі даходы бюджэту будуць вышэйшымі за кансерватыўны сцэнарый, дадатковыя даходы будуць акумуліравацца ў спецыяльных рэзервовых фондах», — растлумачыў Андрэй Кабякоў. Для гэтых мэт праектам закона аб бюджэце прадугледжана норма аб фарміраванні ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах такіх спецыяльных фондаў.

Прадугледжваецца, што эканоміка зможа згенерыраваць даходы фондаў у аб’ёме, дастатковым для павышэння сярэдняй зарплаты ў 2018 годзе ў бюджэтнай сферы да ўзроўню не меншага за Br750-760, каб захаваць яе суадносіны да сярэдняй зарплаты па краіне на ўзроўні 75-76 працэнтаў. «Але паралельна неабходна актыўна рэалізоўваць мерапрыемствы па аптымізацыі структуры і скарачэнні затрат бюджэтных арганізацый, павелічэнні даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці. У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады запісана, што гэтыя суадносіны (сярэдняй зарплаты ў бюджэтнай сферы і сярэдняй зарплаты па краіне. — Заўвага БЕЛТА) павінны быць 80 працэнтаў. Мы пакуль знаходзімся толькі ў пачатку шляху па выкананні палажэння праграмы», — канстатаваў кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што ў рэальным сектары рост заработнай платы павінен быць забяспечаны ростам прадукцыйнасці працы — любы дысбаланс можа прывесці да значнага націску на валютны рынак і інфляцыю. «Звязванне грошай будзе адной з ключавых тэм, каб зарплата ў Br1 тыс. не справакавала рост спажывецкага імпарту і павышаны попыт на валюту», — звярнуў увагу прэм’ер-міністр, папрасіўшы Мінэканомікі далажыць аб прапануемых мерах дадатковай балансіроўкі ўнутранага попыту.

БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *