Арыгінал «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны ўбачаць госці Дня беларускага пісьменства ў Полацку

Арыгінал «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны ўбачаць госці Дня беларускага пісьменства ў Полацку, паведамілі ў прэс-службе ААТ «Белгазпрамбанк».

000027_647679_big

Міжнародны выставачны праект «Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам» будзе экспанавацца ў Музеі беларускага кнігадрукавання з 1 верасня. Галоўны экспанат выстаўкі — арыгінал «Малой падарожнай кніжкі» (выдадзена каля 1522 г. у Вільні), які папоўніў карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка.

Экспазіцыю дапоўніць дакументальны фільм Алега Лукашэвіча «Францыск Скарына. Чалавек свету», зняты спецыяльна для праекта. Вычарпальную інфармацыю пра жыццёвы шлях першадрукара можна будзе атрымаць у спецыяльным інфакіёску. Асаблівае месца ў экспазіцыі зойме таксама падарожжа ў майстэрню Скарыны пры дапамозе шлема віртуальнай рэальнасці. Мадэллю для стварэння віртуальнай майстэрні паслужыла рэканструяваная друкарня XVII-XVIII стагоддзяў, якая знаходзіцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Выстаўка будзе працаваць па 10 верасня.

Міжнародны выставачны праект «Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам», які прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, праходзіць у гарадах, звязаных з жыццёвым шляхам беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Зыходным пунктам турнэ стаў Вільнюс, дзе выстаўка працавала з 4 мая па 4 чэрвеня 2017 года ў Нацыянальным музеі «Палац вялікіх князёў літоўскіх». Пасля дэманстрацыі ў Полацку экспазіцыя адправіцца ў Калінінград (Кёнігсберг), дзе ў 1529-1530 гадах Скарына жыў па запрашэнні прускага герцага Альбрэхта Брадэнбургскага.

Паводле слоў старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі, шырокая геаграфія праекта прызначана прадэманстраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культур, якое прайшло скрозь стагоддзі.

БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *