Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў правялі шэраг сустрэч інфармацыйна-растлумачальнага характару з жыхарамі сваіх выбарчых акруг

Што можа зрабіць для вяскоўца дэпутат раённага Савета? Не так і многа, прагучыць у адказ. Але не будзем спяшацца з вынікамі, а ўспомнім у першую чаргу пра тое, што ў абавязкі кожнага з народных выбраннікаў уваходзіць задача наладжваць сувязь выбаршчыкаў з органамі ўлады і растлумачваць насельніцтву аспекты дзеючага заканадаўства. А гэта праца на першы погляд падаецца нябачнай.

Саня

Па даручэнні абласнога Савета дэпутатаў і згодна графіка, надрукаванага ў нумары газеты “Зара над Друццю” за 5 жніўня 2017 года, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў правялі шэраг сустрэч інфармацыйна-растлумачальнага характару з жыхарамі сваіх выбарчых акруг.

Падчас адной такой гутаркі дэпутата з выбаршчыкамі і прадстаўнікамі мясцовай улады папрысутнічала і карэспандэнт раёнкі.

На мінулых выбарах у раённы Савет дэпутатаў за начальніка райінспекцыі энерганагляду Аляксандра АНТОНАВА аддалі свае галасы больш за 90% выбаршчыкаў вёсак Нежкаў, Сіпайлы і Камяніца. Такі высокі крэдыт даверу, як прызнаецца Аляксандр Сяргеевіч, абумоўлены тым, што ён працяглы час быў старшынёй Вішоўскага сельсавета, у склад якога ўваходзяць гэтыя паселішчы. І зараз Аляксандр Антонаў не пакідае без увагі праблемы выбаршчыкаў.

Вось і падчас сустрэчы, якая адбылася каля магазіна в. Нежкаў,  большасць узнятых пытанняў датычылася забеспячэння электраэнергіяй насельніцтва вёскі.

– Справа ў тым, што варта пайсці хоць невялікаму дожджыку, як у нашых дамах прападае электрычнасць, – паінфармавала дэпутата працаўніца БУКП “Жылкамгас” Марыя БЕЛАЗОР. – Мы звяртаемся ў раён электрасетак,  рамонтныя работы выконваюцца, але некалькі гадзін прыходзіцца праводзіць у поўнай ізаляцыі ад даброт цывілізацыі. Дарослым людзям яшчэ нічога, а тым, у каго ёсць маленькія дзеткі, ці гаспадарам лецішчаў прыходзіцца кепска. А ў наступны дождж перабоі з падачай электраэнергіі  пачынаюцца зноў.

Таксама вяскоўцы цікавіліся, хто павінен абразаць голле дрэў, якое навісае на электрычныя правады: уласнікі сядзіб ці працаўнікі электразабеспячальнай арганізацыі.

Аляксандр Антонаў паабяцаў узяць усе пытанні на кантроль і даць на іх адказы.

Яшчэ адзін запыт паступіў да дэпутата па тэлефоне. Мясцовы прадпрымальнік шукаў, дзе знайсці пясок для ўласных патрэб. Пясчаныя кар’еры на тэрыторыі сельсавета закансерваваныя, а з Магілёва ці Бялынічаў – дорага, бо з-за платнай дарогі павышаецца і кошт дастаўкі. Тут на дапамогу прыйшоў старшыня Вішоўскага сельсавета Фёдар РЫДЗЕЦКІ, які паведаміў прадпрымальніку неабходныя кантакты.

– Увогуле, што датычыць Нежкава, то тут на працягу апошніх гадоў павялічылася колькасць маладых сем’яў, – падвёў вынікі гутаркі Фёдар Уладзіміравіч. – Але гэта не азначае, што вырас спіс пытанняў да мясцовай улады. Наадварот, стала лягчэй вырашаць многія праблемы жыццезабеспячэння. Бывае, дастаткова гутаркі, каб закрыць хвалюючае пытанне. І дыялогі дэпутатаў раённага Савета з насельніцтвам адыгрываюць у такіх выпадках не апошнюю ролю.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *