Раённы конкурс тэхнікаў-аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы прайшоў у СВК “Калгас “Радзіма”

Раённы конкурс тэхнікаў-аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы прайшоў напрыканцы мінулага тыдня на жывёлагадоўчым комплексе “Усход” СВК “Калгас “Радзіма”.

У ім прынялі ўдзел 18 асемянатараў з усіх гаспадарак раёна. Яны здавалі тэсты па тэорыі асемянення, адказвалі на пытанні па тэхналогіі працэсу, таксама ацэньвалася прадукцыйнасць працы за апошні год: колькі цялятак нарадзілася ад кароў.

Старшынёй журы была Алена МАСЛАК, вядучы заатэхнік Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства.

– Конкурс асемянатараў праводзіцца з мэтай не толькі выявіць лепшых у сваёй прафесіі, але і заахвоціць іх да дасягнення больш высокага ўзроўню працы. У нас ёсць усе шанцы        павысіць паказчыкі ўзнаўлення статка буйной рагатай жывёлы, і тым самым вывесці раён на лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. У многім гэта залежыць ад узроўня падрыхтоўкі тэхнікаў-аператараў па штучным асемяненні БРЖ, – распавяла журналісту раёнкі начальнік райплемстанцыі Марына ЧУЯШКОВА.

чуе

Лепшага ў гэтай няпростай прафесіі выбіралі па суме балаў за ўсе этапы спаборніцтва. З рэзультатам, амаль што максімальна магчымым, 95 балаў са 100  перамог Аляксандр МІХАЙЛАЎ, аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы СВК “Калгас “Радзіма”. Другое месца заняла Рыма ШЫМАНОЎСКАЯ з ААТ “Новая Друць”, на трэцім апынулася Наталля АЎТУШЭНКА з СВК “Калгас “Радзіма”.

Сакрэтам працоўнага поспеху падзяліўся пераможца спаборніцтва Аляксандр Міхайлаў:

– Стаж маёй працы ўжо больш за 30 гадоў. Дый у падобных конкурсах удзельнічаю не ўпершыню. Практыкі ў мяне хапае, а тэорыю таксама ведаю добра. З ёй ніякіх праблем не ўзнікла ні ў гэтым годзе, ні ў папярэднія.

міх

Карэспандэнт раёнкі запыталася і ў тых, каму не пашчасціла заняць прызавыя месцы:

– У гэтым годзе было няшмат кароў пад асемяненне, статак у мяне пакуль невялікі, нараджаліся часцей бычкі, – распавядае Вольга СІДАРОВІЧ, тэхнік-аператар з ААТ “Новая Друць”. – Але зараз наша таварыства выходзіць на больш добрыя паказчыкі па надоях за кошт змяншэння колькасці хворых кароў у статку. Прыплюсавалі, такім чынам, тону малака. Спадзяемся, што ў наступным годзе паказчыкі будуць яшчэ лепшыя.

Напрыканцы мерапрыемства арганізатары конкурсу ўручылі пераможцам дыпломы і памятныя падарункі.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *