Скончыўся самы напружаны для селяніна час – жніво

Амаль цэлы месяц, пакуль хлебаробы працавалі ў полі, журналісты раённай газеты асвятлялі ўсе аспекты іх нялёгкай працы, пабывалі ў кожнай гаспадарцы.

Тысяч

Больш за астатніх перадавіцы нашай газеты займалі працаўнікі СВК “Калгас “Радзіма”. І гэта невыпадкова. Па-першае, сёлета хлебаробы сельгаскааператыва сабралі небывалы ўраджай збожжавых – 21600 тон. Па-другое, усе 12 экіпажаў камбайнаў і вадзіцелі, якія адвозілі зерне, сталі “тысячнікамі” і “дзвюхтысячнікамі”. А тандэм Мікалая ДАРЭЧКІНА і Валянціна ЯКУШАВА ў чарговы раз перасягнуў трохтысячны рубеж па намалоце збожжа. У Магілёўскай вобласці, дарэчы, толькі 5 экіпажаў закончылі ўборку з такімі высокімі вынікамі.

Таму праўленне СВК “Калгас “Радзіма” вырашыла асаблівым чынам ушанаваць рупліўцаў хлебнай нівы, і ў аграгарадку Вішоў адбылося свята “Дажынкі”.

Дзень 1 верасня для яго правядзення быў выбраны невыпадкова. Вішоўская СШ і СВК “Калгас “Радзіма” шмат гадоў супрацоўнічаюць, паміж імі ўсталяваліся цесныя і цёплыя сувязі. Амаль палова выпускнікоў школы звязала сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, многія з іх засталіся жыць і працаваць у Вішове, у родным калгасе. Кожны год праўленне сельгаспрадпрыемства аказвае навучальнай установе значную матэрыяльную дапамогу. Вось і ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года сіламі будаўнічай брыгады калгаса была адноўлена душавая кабіна ў школе, выдзелены грошы на бягучы рамонт памяшканняў. А на ўрачыстай лінейцы намеснік старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Міхаіл СКУСАЎ уручыў дырэктару школы Кацярыне ЗАЙЦАВАЙ сучасны фотаапарат.

Катя

Пасля таго, як скончыліся школьныя ўрачыстасці, святкаванне перамясцілася ў летні амфітэатр, дзе пад адным дахам сабраліся героі жніва, члены іх сем’яў, жыхары і госці аграгарадка.

– Сёлета ўпершыню мы адзначаем канец жніва ў такім фармаце, – адзначыў у прывітальным слове старшыня сельгаскааператыва Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ. – Ураджай збожжа, які быў атрыманы з палёў, сапраўды, рэкордны. Яшчэ адно дасягненне ў тым, што камбайны і падборшчыкі саломы сышлі з палёў літаральна ў адзін дзень. Гэта азначае, што на пожні не засталося ніводнага непрыбранага валка саломы. 10 тысяч тон яе запрэсавана і адпраўлена на захоўванне. Такой аператыўнасці не было за ўсю гісторыю існавання нашай гаспадаркі. І ў гэты святочны дзень прыміце словы сардэчнай удзячнасці за вашу самаадданую і шчырую працу. Вы іх па праве заслужылі!

Таксама старшыня сельгаскааператыва адзначыў, што ніводзін з рупліўцаў астатніх галін вытворчасці не застанецца без увагі. У дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, які адзначаецца ў лістападзе, будуць ушанаваны і жывёлаводы, і слесары, і будаўнікі, словам, усе тыя, чыёй працай умацоўваецца і квітнее СВК “Калгас “Радзіма”.

Але ж самыя першыя словы віншаванняў былі выказаны менавіта ўдзельнікам жніва: камбайнерам, вадзіцелям, аператарам зернепадпрацоўчых комплексаў, механізатарам, задзейнічаным на адвозцы зерня на КЗС, прэсаванні саломы, слесарам, работнікам сталовай і запраўкі, якія пільна сачылі за сілкаваннем людзей і  тэхнікі. Да ліку іх дадаліся і калгасныя спецыялісты: намеснік старшыні па раслінаводстве Барыс САФОНАЎ, галоўны энергетык Мікалай КАПЯЛЮШ, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Міхаіл Скусаў, галоўны аграном Аляксандр ЛЕЙБУЦІН, галоўны інжынер Сяргей ВАНЦЭВІЧ. Узорным выкананнем сваіх працоўных абавязкаў яны таксама зрабілі важкі ўнёсак у тое, каб калгасны каравай прырастаў тысячамі тон.

Пад несціханыя апладысменты на сцэну летняга амфітэатра па чарзе падымаліся рупліўцы-ўдзельнікі жніва. Нароўні з заслужанымі членамі сельгаскааператыва віншаванні і цёплыя словы гучалі на адрас камбайнераў і вадзіцеляў, якія далучыліся да дружнай калгаснай сям’і на перыяд уборкі збожжа. Усе героі жніва-2017 атрымалі грашовыя прэміі ад РК прафсаюза работнікаў АПК і праўлення СВК “Калгас “Радзіма”. Ад творчых калектываў Вішоўскага СЦК і ВЧ і артыстаў раённага Цэнтра культуры для хлебаробаў прагучалі лепшыя музычныя нумары мастацкай самадзейнасці.

аперат

Бурко

жнеи

зайцы

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *