Бяспечнасць злодзею на руку

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, за апошнія два тыдні  жніўня праваахоўнікі склалі 46 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 28, за прычыненне пабояў – 13, дробнае хуліганства – 4, дробны крадзеж – 4, ілжывы выклік – 1.

Несуны. Падчас уборкі зерневых павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з крадзяжом збожжа. Жыхар Галоўчына атрымаў адміністрацыйны пратакол за тое, што вынес з КЗС аграгарадка 45 кілаграмаў зерня, а ў адносінах да раней судзімага жыхара Заполля за адкрыты крадзеж аўса з зернятока распачата крымінальная справа.

Далучыліся да “культуры”. Загадчыца сельскай бібліятэкі з Цяхціна паведаміла ў міліцыю, што двое непаўналетніх пашкодзілі малыя архітэктурныя формы, устаноўленыя каля ачага культуры. У дачыненні да хуліганаў распачаты крымінальны працэс.

Хацеў есці. У дзяжурную службу РАУС звярнулася прадпрымальніца і паведаміла, што ноччу нехта залез у яе магазін, што знаходзіцца ў аграгарадку Галоўчын, і скраў прадукты харчавання. Узбуджана крымінальная справа.

Капуста замест кветак. Жыхарка вёскі Дабрылавічы паскардзілася праваахоўнікам, што аднавясковец скраў з яе агарода 3 качаны капусты і аднёс сваёй знаёмай. На “шчодрага” госця складзены адміністрацыйны пратакол.

Ёсць кантакт? Бялынічанка звярнулася ў РАУС з заявай аб тым, што невядомая асоба ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” рассылала паведамленні ад яе імя і прасіла пералічыць грошы на рахунак абанента МТС. Праводзіцца праверка.

Нож як аргумент. Пасля сумеснага распіцця спіртнога двое жыхароў Забалацця вырашылі высветліць адносіны паміж сабой. Важкім аргументам у руках аднаго стаў нож, якім той параніў сабутэльніка. Праваахоўнікі праводзяць разбіральніцтва.

Мала дарогі. 1 верасня ў дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што камбайн збіў слуп у Падзевічах. На неакуратнага кіроўцу складзены адміністрацыйны пратакол.

Дастаў. Жыхарка Вугольшчыны паскардзілася праваахоўнікам на аднавяскоўца, які ў стане алкагольнага ап’янення хадзіў па вуліцы і гаварыў усім, што яго моцна пабілі. Ніхто, вядома, яго не біў, а вось адміністрацыйны пратакол ад праваахоўнікаў ён атрымаў-такі.

Ганна КАВАЛЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *