Жыхарка вёскі Нежкаў Матруна МУРАШКЕВІЧ адзначыла 100-гадовы юбілей

Жыхарка вёскі Нежкаў Матруна МУРАШКЕВІЧ 8 верасня адзначыла 100-гадовы юбілей.

Павіншаваць жанчыну з такой знакавай датай завіталі старшыня Вішоўскага сельвыканкама Фёдар РЫДЗЕЦКІ, дырэктар Вішоўскай СШ Кацярына ЗАЙЦАВА, інспектар ГГіМ РАУС Галіна СТАРАВОЙТАВА, якая ўручыла юбілярцы новы пашпарт.

100цв

Матруна Яфімаўна нарадзілася ў 1917 годзе і ўсё жыццё пражыла ў Нежкаве. Працавала ў мясцовым калгасе “Запаветы Леніна”, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак – тэхработніцай Нежкаўскай школы.

Шмат выпрабаванняў выпала на лёс гэтай звычайнай вясковай жыхаркі. Рана страціла маці, гадавалася з мачыхай, якая прымушала цяжка працаваць. Муж загінуў на фронце падчас Вялікай Айчыннай вайны, адна вырасціла сына.

Зараз у Матруны Яфімаўны трое ўнукаў, 7 праўнукаў і два прапраўнукі. Усе яны з задавальненнем наведваюць сваю бабулю, тым больш, што за цэлы век жыцця яна не згубіла бадзёрасці і аптымізму. А яе памяці можна толькі пазайздросціць. Адно, што з узростам адмовіліся хадзіць ногі. Але гэта, лічыць Матруна Мурашкевіч, невялікая бяда. Самае важнае, што яе не забываюць нераўнадушныя людзі.

– Дарэчы, Матруна Мурашкевіч сёлета другая па ліку 100-гадовая юбілярка ў нашым раёне, – адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам раёнкі Галіна Старавойтава. – У гэтым годзе яшчэ дзве жыхаркі Бялынічаў адзначаюць стагоддзе з дня нараджэння.

Віншавальны адрас і падарункі Матруне Мурашкевіч уручылі і прадстаўнікі ГА «Беларускі саюз жанчын», упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, РЦСАН.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *