Сезон уборкі бульбы ў самым разгары

Вядома, што бульба – другі хлеб для ўсіх беларусаў. А сезон яе ўборкі зараз у самым разгары. У нашым раёне яе вырошчваннем займаюцца ў ААТ “Новая Друць”. Карэспандэнт раёнкі заспела працаўнікоў-бульбаводаў у полі каля вёскі Асавец.

Безимени-1

Выкапаць трэба яшчэ шмат: сабралі бульбу толькі з 50 га. Таму пад Асаўцом работа ідзе даволі шпарка. Наперадзе яшчэ каля 600 га. Пакуль што сярэдняя ўраджайнасць складае прыблізна 300 ц/га.

Вырошчваюць у таварыстве некалькі гатункаў бульбы: “Брыз”, “Рагнеда”, “Янка”, “Міранда”, “Лабэлла”, “Каралева Ганна”.

Вадзіцель бульбаўборачнага камбайна Мікалай ШУТАЎ працуе ў гаспадарцы ўжо каля 25 гадоў. У асноўным, займаецца нарыхтоўкай кармоў, а зараз – збірае ўраджай бульбы.

– За дзень адпраўляем на расфасоўку каля 150 тон бульбы, – кажа Мікалай Мікалаевіч. – Мы так не залежым ад надвор’я, як на ўборцы зерня. Але працаваць усё роўна прыходзіцца з самай раніцы і да вечара, бо чым хутчэй убяром ураджай, тым лепей ён захаваецца.

буль

На бульбасховішчы праца не менш напружаная: трэба перабраць усё сабранае. У ААТ “Новая Друць” працэс гэты таксама механізаваны. На тэрыторыі комплексу працуе канвеер, дзякуючы якому бульбу перабіраюць хутка і рытмічна. Шчыруюць аператарамі па сартаванні Наталля БАЦІШЧА, Алена ЛАПАЦКАЯ і Алена АНЦІПІРОВІЧ – утрох жанчыны добра спраўляюцца. Тут важна аддзяліць насенную, драбнейшую ад больш вялікай, якая прызначана на продаж. Пра сваю працу падрабязней распавяла Наталля Анатольеўна:

– У асноўным, мы выбіраем і адкідваем брак – зялёныя ці сапсаваныя клубні. Насенную бульбу машына аддзяляе сама.

Далей клубні чакае ўпакоўка. Гэтым займаецца аператар Андрэй КРАЧКОЎСКІ:

– Мая работа – напаўняць сеткі вагой у 25 кілаграмаў. Менавіта ў такім выглядзе яна і адпраўляецца спажыўцам.

буль3

І вось амаль што фінальныя крокі ў шляху бульбы ад зямлі да талеркі: прама на месцы яе адгружаюць у фуры.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *