Педагагічны стаж Таццяны Шастак складае больш за 25 гадоў

Што патрэбна, каб быць добрым настаўнікам? Адназначна адказаць цяжка. Але на прыкладзе Таццяны ШАСТАК, якая выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў Эсьмонскай сярэдняй школе, можна хаця б паспрабаваць разабрацца. На сёлетняй настаўніцкай канферэнцыі яе праца была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама. Аб падыходзе да выкладання гуманітарных дысцыплін і адносінах са “складанымі” вучнямі Таццяна Дзмітрыеўна распавяла карэспандэнту раёнкі.

шестакПедагагічны стаж Таццяны Шастак складае больш за 25 гадоў, акрамя таго, яна актыўна займаецца краязнаўчай дзейнасцю.

– Заўсёды марыла аб тым, каб быць урачом, – прызнаецца настаўніца, – зараз лячу толькі сваіх блізкіх. Мара не збылася, бо абрала для сябе іншае: вырашыла пайсці вучыцца на гісторыка. Вялікі ўплыў на выбар будучай прафесіі аказалі мае школьныя настаўнікі: Сяргей Рыгоравіч і Таццяна Пятроўна АНІСІМАВЫ, ветэран вайны Ігнацій Мяфодзьевіч СТАРАВОЙТАЎ, а таксама Ніна Паўлаўна УСЦІНОВІЧ, якая выкладала геаграфію і была дырэктарам школы. Яна і сказала, што ў мяне атрымаецца з гісторыяй і што прафесія настаўніка – прэстыжная.

Потым было навучанне ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, вяртанне ў родныя Эсьмоны.

Дарэчы, інтарэс да краязнаўства ў Таццяны Шастак прачнуўся з другога курса інстытута і працягваецца па сённяшні дзень. Яна ўпэўнена: патрыятызм – гэта любоў не да абстрактнай радзімы, а да таго Краю, дзе ты жывеш. І важна ўмець расказаць аб тым, як на тваёй зямлі цікава і прыгожа. І так яна робіць заўсёды. А пахваліцца жыхарам Бялыніччыны, сапраўды, ёсць чым: сядзячае жаночае пахаванне XIV стагоддзя, Заазерскі “стоўнхэндж” і шмат чаго яшчэ…

Матэрыялаў для краязнаўчых артыкулаў хапае. Яны друкаваліся ў “Звяздзе”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Сельскай газеце” і , канечне ж, у “Зары над Друццю”.

– Падабаецца пісаць, але яшчэ больш – даступна распавядаць пра гісторыю, дзяліцца сваімі адкрыццямі з чытачом, – кажа Таццяна Дзмітрыеўна. – Я люблю рабіць даклады да семінараў, канферэнцый, нарад. Выкладаю факультатыўны курс “Дасдедуючы гуманітарнае права”, які дазваляе шырока выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады працы. Педагог заўсёды знаходзіцца на вачах. Нашы журы – гэта дзеці. Схітраваць, падмануць іх немагчыма, яны вельмі тонка ўсё адчуваюць і заўважаюць. Так ці інакш, але галоўны інструмент настаўніка –  слова.

Са сваімі вучнямі Таццяна Шастак  аб’ездзіла паўкраіны – можна сказаць, дакранулася да архітэктурных помнікаў Беларусі. А праз турыстычныя паходы і працу ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі імкнецца сфарміраваць пошукавыя ўменні сваіх вучняў. Веданне гісторыі, на яе думку, выхоўвае ў юным чалавеку асобу, развівае самасвядомасць, патрыятызм. Здараліся сітуацыі, калі навучальная дысцыпліна, сапраўды, брала верх над вучнёўскай  расхістанасцю…

– Калі я толькі пачала працаваць, былі дзеці, якія лічылі мяне занадта дакучлівай, – кажа настаўніца. – Прыйшлося пайсці на кампраміс: яны не перашкаджаюць мне, я не чапаю іх. Але з-за таго, што яны бачылі зацікаўленасць астатніх вучняў, бачылі, як мы з імі працуем, абмяркоўваем гістарычныя падзеі, адчувалі сябе адарванымі ад калектыву, і ў выніку самі пачыналі адказваць на ўроках, цянуць руку. Вось да чаго прыйшла: націскам нічога не даб’ешся ад дзіцяці. Патрэбна даваць свабоду выбару, тады за табой пойдуць.

Таму і цяпер былыя вучні не забываюць Таццяну Дзмітрыеўну, завітваюць да яе, віншуюць са святамі.

– Не магу пахваліцца тым, што мае вучні займаюць высокія месцы ў алімпіядах, – дзеліцца перажываннем Таццяна Дзмітрыеўна. – Мабыць, калі б я працавала толькі са здольнымі да навукі, мы б мелі больш узнагарод. Але гэта азначае пакінуць слабейшых. Я працую з усімі вучнямі ў класе. Падчас, каб зацікавіць іх, выкарыстоўваю правакацыю: падмяняю гістарычную дату ці асобу і чакаю, пакуль яны заўважаць і адрэагуюць. Творчыя дзеці ў нас ёсць. Яны рэалізуюць сябе ў краязнаўчых даследаваннях, мастацкіх конкурсах, фестывалях добрых спраў. Але дзейнасць настаўніка ацэньваецца не толькі па дасягненнях вучняў… Думаю, што галоўная задача кожнага педагога – сацыялізаваць маленькага чалавека, прыстасаваць яго да жыцця. А навукоўцам ці даследчыкам ён абавязкова стане, калі ў школе яго навучылі працаваць над сабой і выхавалі прагу да ведаў.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *