Прэс-канферэнцыя з начальнікам МКВУПП “Бялыніцкі райпалівазбыт” Сяргеем Васькоўскім

васьковский цветУ хуткім часе зіма зменіць восень, і таму зараз самы час гаспадарам домаўладанняў задумацца пра тое, чым яны будуць ацяпляць узімку свае печы, катлы і каміны. З мэтай сарыентаваць жыхароў нашага раёна ў відах і кошце на паліва мы правялі прэс-канферэнцыю з начальнікам МКВУПП “Бялыніцкі райпалівазбыт” Сяргеем ВАСЬКОЎСКІМ.

Сяргей Яўгенавіч, якія віды цвёрдага паліва вы прапануеце  пакупнікам?

– На сённяшні дзень мы прапануем брыкет і дровы. Па статыстыцы, у большасці выпадкаў жыхары горада больш актыўна купляюць дровы, а вясковыя – брыкет. Мы прадаем доўгія, рэзаныя і колатыя дровы. Калі аблічыць кошт дроў, дастаўку, наём працаўнікоў для таго, каб накалоць іх, то больш выгадна заказаць дровы ўжо ў гатовым выглядзе. Людзі гэта разумеюць, таму апошнім часам карыстаюцца попытам колатыя дровы.

– Ці ёсць для пакупнікоў якія-небудзь ільготы?

– Згодна з пастановай Савета Міністраў РБ ад 9 лістапада 2012 года №1028 “Аб некаторых пытаннях забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва, унясенні дапаўнення ў пастанову СМ РБ ад 14 красавіка 2011 г. № 495 і прызнанні страціўшымі сілу  некаторых пастаноў СМ РБ”, дзяржава павінна забяспечыць цвёрдымі відамі паліва ўсіх жыхароў краіны, якія маюць у гэтым патрэбу. Адзін раз у год гаспадары домаўладанняў маюць права выпісаць па паліўнай кніжцы льготныя дровы ці брыкет. Райпалівазбыт закупляе дровы ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” па кошце вышэй таго, за які прадае потым насельніцтву. Гэтую розніцу ў кошце нам вяртаюць з бюджэту.

– Які аб’ём цвёрдага паліва прадастаўляецца на адно домаўладанне і колькі ён каштуе?

– Па пастанове СМ РБ № 1028, кожны домаўладальнік з прыватнага сектара мае права выпісаць раз у год 4,9 м3 дроў або 3,5 тоны брыкету. Па льготнай цане адна машына рэзаных дроў каштуе 120 руб., а колатых – 150 руб. без уліку кошту дастаўкі.

– Апошнім часам людзі ўсё часцей падводзяць да дома газавае або электрычнае ацяпленне. Гэта зніжае попыт на цвёрдыя віды паліва?

– За час маёй працы тэндэнцыі зніжэння попыту на цвёрдыя віды паліва не заўважыў. Газ сёння таксама не танны, таму ў асенні перыяд, пакуль яшчэ тарыфы на газ не знізіліся, людзі ацяпляюцца печкамі або катламі на цвёрдым паліве.

– Калі ў прыватным доме газавае або электрычнае ацяпленне, але маецца лазня, ці мае права гаспадар такога дома заказаць сабе дровы?

– На лазню дровы не прызначаны наогул. Дровы і брыкет можна выпісаць толькі на домаўладанні, у якіх ёсць печ або кацёл на цвёрдым паліве.

– Ці ёсць у вас якія-небудзь новаўвядзенні ў рэалізацыі цвёрдага паліва?

– Вось ужо практычна год мы рэалізуем дровы ў сетках для мангалаў і камінаў. Кошт адной – 1 руб. 75 кап. Яны нядрэнна рэалізуюцца.

– Колькі паліва вы ўжо прадалі ў гэтым годзе і ці ёсць розніца па продажы ў параўнанні з папярэднім годам?

– На сённяшні дзень мы ўжо рэалізавалі больш за 580 метраў кубічных колатых дроў і 110 м куб. – рэзаных. У сярэднім, у дзень мы развозім па 15 тон брыкету і па 40 м куб. дроў. У гэтым годзе заўважны рост рэалізацыі цвёрдых відаў паліва. На сёння рост продажу складае 112%.

Гутарыла Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *