Прыгажосць для сэрца і вачэй

У аграгарадку Іскра па вуліцы Садовая карэспандэнт раёнкі ўбачыла цікава ўпрыгожаны прысядзібны ўчастак. Здавалася б, нічога асаблівага ў гэтым няма. Усе стараюцца па-рознаму ўладкаваць сваю сядзібу. Але прыцягвае ўвагу тое, што ўсе малыя архітэктурныя формы зроблены рукамі гаспадароў.

цв2

Дзверы адчыніла гаспадыня дома Тамара ЦВЫР. Аб тым, як атрымалася такая прыгажосць на ўласнай тэрыторыі, распавяла так:

– Займаецца добраўпарадкаваннем у асноўным мой сын, Валерый. Усе формы для высадкі кветак ён рабіў сам: выразаў па схемах, якія знайшоў у інтэрнэце. Фігуры, што ўпрыгожваюць хату з боку  вуліцы, малявала на фанеры мая нявестка Наталля. Яна працуе ў дзіцячым садку, таму для яе маляванне – любімы занятак. Потым Валерый усё выразаў, скампанаваў. Так з цягам часу атрымаўся цэлы ансамбль.

Але ж на гэтым імкненне да прыгожага не спынілася. У мінулым годзе на двары Тамары Міхайлаўны з’явілася альтанка. З электрычным асвятленнем і сталом – у лепшых традыцыях. Потым да яе дадаўся яшчэ і самаробны мангал. За чатыры дні яго зрабіў Валерый. І мангал не просты: з печкай, у якой можна прыгатаваць нават юшку. Па словах гаспадыні, стравы ў ёй атрымліваюцца вельмі смачныя.

цв3

– Насамрэч, я ўпрыгожваю ўсё толькі кветкамі, бо вельмі іх люблю. Астатняе робіць сын, калі выдаецца вольная хвілінка. Вось нядаўна зрабіў вулічныя сядзенні з аўтамабільных шын. Атрымалася зручна і незвычайна. Ідэю таксама знайшоў у інтэрнэце.

Сама жанчына даглядае хатнюю гаспадарку і агарод. А восень для яе – лепшы час высаджваць шматгадовыя кветкі, каб на наступны год сядзіба квітнела новымі яркімі фарбамі.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *