Рыхтуй печ да халадоў

Непрыкметна і вельмі хутка праляцела лета. Не за гарамі доўгія марозныя дні, а з надыходам халадоў, як правіла, з’яўляюцца сезонныя праблемы – абагрэць сваё жыллё. З году ў год менавіта ў асенне-зімовы перыяд фіксуецца павелічэнне пажараў па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі пячнога і электрычнага абсталявання.

За мінулы год па гэтай прычыне ў нашым раёне адбыліся 6 пажараў. На адным з іх загінуў чалавек.

Летась у вёсцы Сіпайлы загарэўся драўляны дом. Да прыбыцця пажарных пабудова гарэла адкрытым полымем, дах і перакрыццё абрынуліся. Пры ліквідацыі пажару работнікі МНС знайшлі абгарэлы труп гаспадыні дома.

Згодна шматгадовай статыстыкі, менавіта печы і абагравальнікі, якія знаходзяцца ў няспраўным стане, становяцца прычынай пажараў. У сувязі з гэтым асаблівую трывогу выклікае пажарная бяспека ў прыватным сектары, а таксама ў лецішчах.

Пры інспектарскіх праверках выяўляюцца наступныя парушэнні: прымыканне печаў да драўляных сцен і перагародак, лёгкаўзгаральных матэрыялаў, адсутнасць прытопачных лістоў, наяўнасць расколін у цагляным муры, эксплуатацыя самаробных электраацяпляльных прыбораў з адкрытымі награвальнымі элементамі, якія не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі.

Для таго, каб зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад пажару, неабходна своечасова падрыхтаваць печы. Па-першае, праверыць, ці няма расколін у коміне; па-другое, ачысціць комін ад сажы і на працягу ўсяго ацяпляльнага сезону чысціць яго не радзей чым адзін раз у два месяцы; па-трэцяе, старацца вытапіць печ не менш чым за 2 гадзіны да сну.

Для таго, каб ваш хатні ачаг не ператварыўся ў папялішча, перад топачнымі дзверцамі павінен быць прыбіты да падлогі металічны прытопачны ліст памерам не менш чым 50х70 см.

Нельга тапіць печы з адчыненымі дзверцамі, ужываць для распальвання гаручыя вадкасці, а таксама выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памер топкі.

Забараняецца таксама сушыць і складваць на печы          адзенне і іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы і матэрыялы.

ПАМЯТАЙЦЕ! Калі вы будзеце выконваць усе вышэйпералічаныя патрабаванні, то ў ваш дом не пастукаецца бяда, і вы зможаце спакойна і бяспечна праводзіць доўгія зімовыя вечары.

Марыя БЕГЛЯКОВА,

курсант 4 курса

УГА МНС РБ.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *