З 4 па 11 верасня праваахоўнікі склалі 26 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 4 па 11 верасня  праваахоўнікі склалі 26  адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 14, за сямейны скандал  – 7, дробны крадзёж  – 2, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі – 3.

Хавайце лекі ад дзяцей. Двое маленькіх жыхароў аграгарадка Вялікая Машчаніца, 6-гадовая дзяўчынка і                   2,5-гадовы хлопчык,  былі дастаўлены ў ЦРБ з дыягназам: “Вострае медыкаментознае атручванне таблеткамі”. Праводзіцца разбіральніцтва.

Прымроілася. Жыхар аграгарадка Галоўчын паведаміў у дзяжурную службу РАУС аб тым, што яго збілі незнаёмыя, а жонку забілі і павезлі ў невядомым накірунку. Таксама з дома прапалі два мабільныя тэлефоны. Падчас выезду на месца высветлілася, што мужчыне ўсё гэта прымроілася, а сам ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. На занадта ўразлівага вяскоўцу складзены адміністрацыйны пратакол.

Хто-хто? Жонка! Увечары 6 верасня бялынічанін паведаміў у міліцыю, што невядомы ў пад’ездзе шматкватэрнага дома ўдарыў яго нажом у спіну. Пазней высветлілася, што цялеснае пашкоджанне прычыніла сужыцелька. Праводзіцца праверка.

Выдаў водар. Ажно ў двух домаўладаннях – у бялынічанкі і жыхара в. Дабрылавічы – праваахоўнікі знайшлі вадкасць з характэрным пахам самагоннай брагі. Яе канфіскавалі. Па фактах вырабу і захоўвання прадуктаў самагонаварэння праверку праводзіць ААПП.

Сквапны сусед. Жыхарка в. Масцішча паскардзілася праваахоўнікам, што сусед вынес з яе домаўладання две нажоўкі, тачыльны дыск і пліту для печы. Праводзіцца праверка.

Грыбнікі. Ажно тры паведамленні паступілі ў РАУС на мінулым тыдні аб тым, што ў лесе заблукалі людзі. Усе гора-грыбнікі былі адшуканы.

Зніклі грошы. Пенсіянер папрасіў знаёмага пасекчы дровы. Той не адмовіўся, выканаў сваю працу і пайшоў. А ўслед за ім у пажылога чалавека зніклі 300 рублёў. Пенсіянер паскардзіўся ў міліцыю, РАСК праводзіць праверку.

Уверх не паляцеў. Вечарам 9 верасня ў ЦРБ быў дастаўлены мужчына з дыягназам: “Адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, удары грудзей і спіны”. Ён патлумачыў медыкам, што зваліўся з ганка на прыступкі падвальнага памяшкання.

След вайны. Жыхар Магілёва паведаміў праваахоўнікам, што знайшоў у лесе паблізу в. Монеўка снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Праводзіцца праверка.

Неданесла.  Вартаўнік Бялыніцкага філіяла ААТ “Бабуліна крынка” паведаміў у дзяжурную службу РАУС, што затрымаў жанчыну, якая спрабавала вынесці з тэрыторыі прадпрыемства літр малака і кілаграм шакаладнага масла.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *