Беражыце сябе і сваіх родных

З пачатку бягучага года ў лясах Магілёўскай вобласці згубіліся 22 чалавекі.

Калі паступае паведамленне пра тое, што той ці іншы грыбнік заблукаў, у большасці выпадкаў па трывозе падымаецца асабісты састаў райаддзела міліцыі і ў самыя кароткія тэрміны арганізоўваюцца пошукі.

З пачатку грыбнога сезона на Магілёўшчыне тры чалавекі былі знойдзеныя памерлымі, яшчэ двое пенсіянераў да гэтага часу не адшуканы.

14 верасня пенсіянерка 1963 года нараджэння адправілася па грыбы ў лес паблізу вёскі Паліўнікі нашага раёна. У 19 гадзін яна патэлефанавала сваякам і паведаміла пра тое, што заблукала і не можа самастойна выйсці. Праз 40 мінут у РАУС паступіла паведамленне аб тым, што жанчына не вярнулася дадому. Неадкладна быў створаны пошукавы атрад з супрацоўнікаў РАУС і РАНС, які прачэсваў лясны масіў. У 6 гадзін раніцы наступнага дня яе знайшлі ў беспрытомным стане і разам з сынам пацярпелай вынеслі на руках да машыны хуткай дапамогі. Пенсіянерка была да-стаўлена ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Медыкі аказалі ёй неабходную дапамогу. Жанчыне выратавалі жыццё.

Ідучы ў лес, паведамляйце сваім родным, куды вы збіраецеся пайсці. Па магчымасці бярыце з сабой спадарожніка. Апранайцеся ў яркую вопратку. Абавязкова вазьміце з сабой пітную ваду, а таксама мінімальны запас прадуктаў, сродкі сувязі, запалкі, нож. Заўсёды майце пры сабе кавалак яркай матэрыі альбо поліэтыленавы пакет: калі заблукалі, то зможаце пакідаць за сабой сляды (кавалачкі матэрыі, пакета). Сустракаючыся ў лесе з іншымі грыбнікамі і ягаднікамі, пытайцеся ў іх: адкуль яны, як доўга знаходзяцца ці неабходна ім якая-небудзь дапамога.

Калі ўсё ж заблукалі, то ні ў якім разе не панікуйце!

Вызначце для сябе план дзеянняў і строга яму падпарадкоўвайцеся.

Вызначыце адзін напрамак, у якім збіраецеся ісці: для гэтага арыентуйцеся альбо па сонцы, альбо пры яго адсутнасці па моху на дрэвах (ён заўсёды расце з паўночнага боку).

Рухаючыся па лесе, пакідайце за сабой сляды. Прывязвайце кавалачкі матэрыі да галін дрэў, абломвайце галіны і г. д.

Прыслыхоўвайцеся: магчыма, непадалёку праходзіць аўтадарога.

Ноччу развядзіце вогнішча, паспрабуйце знайсці схові-шча на дрэве. Адыходзячы ад вогнішча, не забудзьцеся праверыць, ці поўнасцю яно пагасла.

Просьба да асоб, чые сваякі не вярнуліся з лесу больш за 5-6 гадзін і не выходзяць на сувязь: неадкладна паведа-міце пра гэта ў РАУС па тэлефоне 102 або ў МНС па тэлефоне 101.

Аляксандр БАЛДЫШЭЎСКІ,

начальнік АКВ РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *