Пакаранне ў выглядзе добрай справы

Грамадзяне, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС, замест бяздзейнічання працуюць на добраўпарадкаванні вуліц горада.

закл

Як паведаміў начальнік ІЧУ Павел ХІЛЬКО, часцей за ўсё грамадзяне трапляюць у ізалятар часовага ўтрымання па арт. 17.3 КаАП – распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы. У якасці пакарання, у залежнасці ад  рашэння суда, правапарушальнікаў чакае штраф ад 2 да 15 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак. Крадзёж у дробным памеры і  непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пагражаюць грамадзяніну заключэннем на такі ж тэрмін.

– Кожны дзень утрымання правапарушальніка ў ізалятары абыходзіцца дзяржаве ў 11 з паловай рублёў. Праца на карысць горада дазваляе пакрыць выдаткі амаль на 70% ад гэтай сумы. Усе заробленыя грашовыя сродкі адпраўляюцца прама на рахунак ІЧУ, – праінфармаваў Павел Хілько.

Для поўнага пакрыцця выдаткаў пасля заканчэння тэрміну заключэння даведка-рахунак грамадзяніна дасылаецца ў аддзел прымусовага выканання. А далей вырашаецца, якім шляхам будуць кампенсавацца грошы: па месцы жыхарства, работы ці іншым шляхам.

У студзені бягучага года быў падоўжаны дагавор з БУКП “Жылкамгас”. Згодна з ім, “сутачнікам” прадастаўляюцца рабочыя месцы на некалькі дзён.

На мінулым тыдні ў ІЧУ  знаходзіліся 5 правапарушальнікаў. Зараз яны працуюць на цэнтральных вуліцах горада: прыбіраюць тратуары, выносяць смецце з падвалаў шматкватэрных дамоў. Іх працоўны дзень складае 8 гадзін, ды і самім ім лепш працаваць, чым бяздзейнічаць.

Карэспандэнт раёнкі застала іх на вуліцы Калініна, дзе тыя прыбіралі падвальныя памяшканні. Машына са смеццем ужо напоўнілася і збіралася ад’язджаць.  Вось так пакаранне ператварылася ў карысную для ўсяго горада справу.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *